905

Мары здзяйсняюцца: хлопец-вазочнік, пра якога пісаў BAJ.BY, патрапіў на канцэрт Вольскага і супрацоўнічае з музычным паблікам

17.12.2019 Крыніца: Мікіта Пастухоў для BAJ.BY

У Слоніме хлопец-вазочнік, якога падтрымліваюць мясцовыя журналісты, пачаў супрацоўнічаць з музычным паблікам. А яшчэ здзейснілася яго даўняя мара.

У 2018 годзе сябры слонімскай суполкі ГА “БАЖ” віншавалі з 30-годдзем Антона Анішчука — хлопца вазочніка са Слоніма. Антон цікавіцца музыкай, а яго гісторыя знаёмства з журналістамі займела добры працяг.

У лістападзе гэтага года Антон Анішчук патрапіў на канцэрт Лявона Вольскага ў Слоніме. Малады чалавек быў пасля сустрэчы са сваім кумірам напісаў вялікі тэкст-справаздачу для музычнага  пабліка Under Stage ў сацыяльных сетках. Там жа Антон пасля рэкамендацыі слонімскага БАЖаўца з'яўляецца аўтарам тэкстаў.

“Лявон Артуравіч радаваў сваіх прыхільнікаў не толькі песнямі старых праектаў «Мроя», N. R. M. і Zet, якім 35, 25 і 20 гадоў суадносна. Таксама прагучалі песні дзейнага праекта VOLSKI, які сёлета адзначыў сваё пяцігоддзе. Усе песні былі прыняты радаснымі воклічамі і бурнымі апладысментамі.

Немагчыма ўявіць канцэрт Лявона Вольскага без бел-чырвона-белых сцягоў і перыядычных выкрыкаў «Жыве Беларусь» паміж песнямі. І першы канцэрт Вольскага на Слонімшчыне не стаў выключэннем — усё было як след!”, —  напісаў у сваім водгуку Антон Анішчук.

Антон мае кантакты з многімі таленавітымі і добразычлівымі людзьмі — з фатографамі, музыкамі, журналістамі. Яны ж дапамагаюць хлопцу падтрымліваць сацыяльныя сувязі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!