384

МАРГ не знайшоў парушэння ў тым, што “Борисовские новости” не бяруць у крамы

29.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, куды са скаргай звярнуўся галоўны рэдактар недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Борисовские новости” Анатоль Букас, не знайшло парушэнняў заканадаўства ў дзеяннях гандлёвай сеткі ААТ “Веста-Барысаў”.

Нагадаем, у лістападзе мінулага года ААТ “Веста-Барысаў” адмовілася заключыць дамову на рэалізацыю ў сваіх крамах газеты “Борисовские новости”. Кіраўніцтва прадпрыемства, якое налічвае ў горадзе 48 крам, спаслалася, сярод іншага, на адсутнасць свабодных гандлёвых плошчаў. Разам з тым, дзяржаўная раённая газета “Адзінства” прысутнічае ў асартыменце тавараў гандлёвай сеткі.

У адмове на прапанову Анатоля Букаса аб супрацоўніцтве дырэктар ААТ “Веста-Барысаў” Людміла Кулінчык тады тлумачыла, што з рэдакцыяй “Адзінства” (друкаванага органа Барысаўскага райвыканкама) яе прадпрыемства звязваюць доўгатэрміновыя дагаворныя адносіны, у адпаведнасці з якімі яны “шмат гадоў таму ўзялі на сябе абавязкі па рэалізацыі гэтага друкаванага выдання”.

У сваім звароце ў міністэрства Анатоль Букас адзначыў, што “Борисовские новости” знаходзяцца ў шэрагу асноўных друкаваных рэгіянальных выданняў, такімі ж як дзяржаўная раённая газета “Адзінства”. Але ў параўнанні з ёй маюць меншыя магчымасці для распаўсюду праз буйныя гарадскія гандлёвыя сеткі, у прыватнасці, праз крамы, якія ўваходзяць у аб’яднанне ААТ “Веста-Барысаў”.

Гэта ставіць “Борисовские новости” ў дыскрымінацыйнае становішча ў параўнанні з “Адзінствам”, дамова на продаж якой заключаная амаль з усімі буйнымі гарадскімі гандлёвымі аб’ектамі, — звяртаў увагу міністэрства галоўны рэдактар “Борисовских новостей”.

На думку Анатоля Букаса, дамова на продаж паміж ААТ “Веста-Барысаў” і газетай “Адзінства”, роўна як і неабгрунтаваная адмова ў заключэнні гэтакай жа дамовы паміж гандлёвай сеткай і “Борисовскими новостями”, з’яўляецца формай нядобрасумленнай канкурэнцыі, накіраванай на атрыманне выгод у прадпрымальніцкай дзейнасці. А таксама вядзе да абмежавання канкурэнцыі паміж рэгіянальнымі СМІ і чыніць шкоду праву грамадзян на атрыманне інфармацыі.

Але Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) мае іншы погляд на праблему стасункаў паміж гаспадарчымі суб’ектамі. У адказе за подпісам намесніка міністра Івана Вежнаўца адзначаецца, што скарга не ўтрымлівае доказаў наяўнасці канкурэнцыі паміж УП “Букас медыя-цэнтр” (юрыдычная асоба, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газеты “Борисовские новости”) і ААТ “Веста-Барысаў”. Да таго ж ААТ “Веста-Барысаў” не ўключанае ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, і ў Дзяржаўны рэестр суб’ектаў натуральных манаполій.

Па меркаванні МАРГ, выкладзеныя заяўніком абставіны не ўтрымліваюць прыкмет парушэння антыманапольнага заканадаўства і належаць да катэгорыі грамадзянска-прававых спрэчак, урэгуляванне якіх магчымае ў дасудовым або ў судовым парадку. З гэтай прычыны скарга Анатоля Букаса пакінутая без разгляду па сутнасці.