161

Марат Гаравы: Курапаты — гэта архіпелаг, які патрабуе высілкаў усіх беларусаў

01.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Глыбокім прайшла сустрэча з вядомым журналістам Маратам Гаравым.

Марат Гаравы вядомы грамадскасці яшчэ як і абаронца Курапатаў і аўтар кнігі “НКВД забіваў у Курапатах”. Падчас сустрэчы журналіст распавёў прысутным пра грамадзянскую ініцыятыву “Эксперты ў абарону Курапатаў”, у якую ён уваходзіць разам з іншымі знанымі асобамі Беларусі. Таксама  размаўлялі пра трагічную гісторыю Курапатаў, лёсы людзей, пра ролю грамадскасці ў захаванні памяці і пра расейскі ўплыў на Беларусь.

Як кажа Марат Гаравы, Курапаты — гэта такі архіпелаг, які патрабуе высілкаў усіх беларусаў, яго проста так не абароніш:

“Я не лічу, што ўсе павінны там стаяць, што абарона Курапатаў мусіць быць як мага больш рознабаковай. Інтэлігенцыя робіць сваё, грамадзяне — сваё, мастакі робяць трэцяе, юрысты — чацвёртае, журналісты — пятае.  Хто што можа, той тое і робіць.

Мяркую, што вельмі мала робяць для абароны Курапатаў беларускія гісторыкі: паўтараюць адно і тое ж. А вось даследаванняў ці новых нечаканых падыходаў — гэтага няма. Лічбы адны і тыя ж перамываюцца, то яны ўзрастаюць, то змяншаюцца.  А што далей?

Больш маглі б зрабіць і творцы. Беларускія музыкі маглі б напісаць класічныя творы, творы папулярнай музыкі. І празаікі, і паэты…  Тут працы шмат яшчэ ўсім”.

Падчас сустрэчы Марат Гаравы прэзентаваў сваю кнігу “НКВД забіваў у Курапатах”, падпісаў яе ўсім жадаючым і падараваў некалькі асобнікаў раённай бібліятэцы.

Курапацкая трагедыя, а таксама тэма магчымай інтэграцыі з Расіяй настолькі былі цікавымі для прысутных, што яны яшчэ доўга не разыходзіліся пасля заканчэння мерапрыемства і працягвалі далей абмеркаванне з Маратам Гаравым у прыватнай размове.

“На сустрэчах у розных гарадах больш за ўсё ўражваюць самі людзі, — зазначае спадар Марат. — У такіх цяжкіх умовах яны захавалі людскасць, чалавечнасць і працуюць над сабой. Менавіта такія людзі: адукаваныя, разумныя патрыёты, і  дапамагаюць краіне стаць цывілізаванай і дэмакратычнай”.