401

"Маладзечна ў фокусе": філія ГА "БАЖ" зладзіла фотамарафон і квэст

22.11.2018 Крыніца: Аксана Ярашонак для Baj.by

Фотамарафон з’яднаў пенсіянераў, школьнікаў, журналістаў і актывістаў

Амаль 12 гадзін працягвалася мерапрыемства, якое зладзіла Маладзечанская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў для тых, хто любіць фатаграфаваць, і для тых, хто любіць свой горад.

Дзень пачаўся трэнінгам па фотаздымцы, які праводзіў маладзечанец Сяргей Лескець. Сяргей — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, пазаштатны аўтар «Рэгіянальнай газеты», фатограф, які супрацоўнічае з замежнымі выданнямі, ладзіць выставы ўласных здымкаў па-за межамі Беларусі.

Сяргей Лескець

Спачатку — дзяўчынкі, кветачкі

Сяргей распавёў пра свой досвед супрацы з BBC і іншымі замежнымі медыя. Падзяліўся сакрэтамі прафесійнага майстэрства. На думку фатографа, многія людзі ў нашым грамадстве пакуль яшчэ не «дараслі» да таго, каб успрымаць сапраўды высокамастацкія фотаздымкі. Большасць па-ранейшаму вабіць пазіраванне на фоне яркіх дываноў і канапаў, традыцыйныя вясельныя здымкі з кветкамі на фоне помнікаў.

— Сёння ў Беларусі не так шмат людзей робяць рэпартажныя здымкі. Заўважыў, што каб да іх прыйсці, ці не ўсе праходзяць некалькі этапаў. Спачатку — кветачкі, дзяўчаткі. Калі здымаюць на прыгожых фонах дзяўчат, якія падабаюцца. Затым — людзі без пэўнага месца жыхарства, часам – нецвярозыя. І, нарэшце, пачынаецца сапраўдная рэпартажная здымка.

Яшчэ, на думку Сяргея, фатограф не павінны мець правілаў, паводле якіх яму здымаць. І калі апраўдана на фота трэба "адрэзаць" чалавеку галаву, трэба гэта зрабіць.

Сяргей Лескець: “Калі б закінуў фатаграфію, стаў бы наркаманам ці спіўся”

Здымалі чырвоны, жоўты, блакітны

Атрымаўшы тэарэтычныя веды, удзельнікі разышліся на 40-хвілінны фотамарафон: блукалі па горадзе і здымалі. Але здымалі не проста так. Кожны павінны быў адлюстраваць на сваіх працах пэўны колер. Таму на ўжо раздрукаваных фота жаўцелі сакавітыя лімоны на рынку, асляпляў блакіт чыстага лістападаўскага неба, усміхаліся маладыя людзі ў чырвоным адзенні з бліжэйшага рэкламнага білборда.

Любоў да фота аб’яднала і пенсіянера, былога супрацоўніка МНС Уладзіміра Астахновіча, і школьніцу Арыну Тархан, і візажыста Лізавету Дубінскую, і журналіста-фрылансера Яўгена Сухаверха.

 

Маршрут квэста прайшоў па Вялікім Гасцінцы

Мерапрыемства фотамарафонам не скончылася. Арганізатары падрыхтавалі квэст па Маладзечна. Да яго, акрамя фатографаў, далучыліся жыхары горада, гарадскія актывісты. Удзельнікі, падзеленыя на тры каманды, бегалі па Вялікім Гасцінцы, выконвалі заданні.

Станцыі размяшчаліся ў рэдакцыі, на першым паверсе гандлёвага цэнтра, у скверы ля касцёла, бібліятэцы, гарадскім парку. А сярод інструментаў, неабходных для выканання заданняў, былі запалкі, бутэлька з вадой, пластыкавая талерка і нават ёд.

У выніку сабралі пазл з надпісам "Маладзечна — горад Сонца".

Падарункі і музыка

Пасля квэста і вячэры ўдзельнікі сабраліся ва ўтульнай малой зале музычнага каледжа. Тут зладзілі фотасушку з найлепшых здымкаў, зробленых падчас фотамарафону ўдзельнікамі, а таксама з фотапрац Сяргея Лескеця.

Арганізатары падвялі вынікі. У фотамарафоне перамагла школьніца з Маладзечна Арына Тархан. Па словах Сяргея, фотаздымкі Арыны вызначаліся якасцю, сістэмным падыходам, выглядалі як серыя. Пераможца атрымала сэлфі-палку.

У квэсце лепшымі стала каманда "Сонейка" з капітанам Кацярынай Палонскай. Пераможцы і ўдзельнікі атрымалі сувеніры. Адзначылі і самую маленькую ўдзельніцу квэста — 11-гадовую Дашу Высоцкую.

Канцэрт супрацоўніка "Рэгіянальнай газеты" сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Ігара Палынскага стаў падарункам для тых, хто змог вытрымаць амаль 12-гадзіннае мерапрыемства. Падчас канцэрта Ігара правёў конкурс-аўкцыён: гледачы прыгадвалі беларускія рок-гурты і спевакоў.

 

Падарункам для арганізатараў было пытанне ўдзельнікаў: "А калі ў наступны раз вы зладзіце нешта падобнае?"

 

Кацярына Палонская, удзельніца фотамарафону і квэста:

— Пра фотамарафон даведалася выпадкова ў адной з суполак у сацсетках. Разам з сяброўкай Лізай зарэгістраваліся. Уражанні і эмоцыі ад сустрэчы — яркія і невытлумачальныя. Мы даведаліся шмат новага пра фота, зарадзіліся пазітывам на бліжэйшыя месяцы. З задавальненнем наведаем іншыя мерапрыемствы Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Таццяна Семашкевіч, удзельніца квэста:

— Нам з мужам вельмі спадабаўся квэст, які маладзечанская філія БАЖ ладзіла ў горадзе. Мы ў сям’і любім розныя прыгоды. Таму квэст — гэта якраз той адрэналін, які нам трэба. Рады былі паўдзельнічаць, даведацца нешта новае пра свой горад. Вельмі прыемна было дзяліцца ўражаннямі ў кампаніі аднадумцаў. Запомніўся і яскравы канцэрт Ігара Палынскага ў музкаледжы Агінскага ў Маладзечне. Дзякуй за цудоўны суботні вечар!

Фота Уладзіміра Астахновіча.