Аўтарская калонка

Максім Жбанкоў: Як нам перамагчы расейскую літаратуру

12.02.2016 Аўтарская калонка Максіма Жбанкова 2184

Сярод журналісцкіх фарматаў найбольш вабяць аналітыка ды калумністыка. Першая стварае схемы сэнсаў ды матрыцы разумення бягучай сітуацыі, пазначае істотнае, структурызуе наш стыхійны досвед. Другая дазваляе дэманстратыўную суб’ектыўнасць, транслюе аўтарскі прыват, дае свабодна пагуляцца з думкамі ды слоўцамі, закруціць вакол падставовай ідэі нізку асацыяцый ды метафар.

Існаванне кожнай з іх у медыйным полі, натуральна, не ёсць праблемай. Пытанні пачынаюцца, калі райтар блытае каляіны: ператварае аналітычны разбор у дыскатэку неабавязковых асацыяцый альбо надае прыватным разважанням вагу канцэптуальнай заявы. Несувымернасць амбіцый і рэсурсаў робіць эпічнае камічным. І кажа выключна пра забабоны аўтара.

Так атрымалася, калі паважаны мной аўтар Віталь Цыганкоў нечакана вырашыў выказацца пад баявой шыльдай “Прадухіліць “Минскнаш””: замяніць у школах “расейскую” літаратуру на “сусветную”. У прынцыпе, далей можна было б і не чытаць: галоўная думка рэпрэзентавана максімальна выразна. Але больш цікавай ёсць логіка аўтарскага разважання: ад навагодніх дыскатэк з харавымі падпеўкамі расейскай папсе, трапна адзначанай пераважна прарасейскай арыентацыі паточнай свядомасці, справядлівай канстатацыі светапоглядных “нажніц” паміж рознымі ідэнтычнасцямі беларусаў (гэта дыягназ, і дыягназ добры) да прапановы лекаў – то бок… трансфармацыі школьнай праграмы па літаратуры. Менш Някрасава, больш Шэкспіра!

І вось тут аўтар цалкам губляе мой давер. Бо, як я разумею, зыходзіць з наіўнай веры, што нацыянальную свядомасць выкладаюць у школцы, а калі там штосьці не так – то і свядомасці той не будзе. Школа чыста па-савецку ўспрымаецца як машына выхавання і рэсурс “правільнага” (ці “няправільнага”) праграмавання асобы. Канвеер грамадзян з нэпасрэднай адказнасцю за адбудову ідэнтычнасці. Якая адбываецца паводле зацверджаных праграм па-за хоць якім кантэкстам, у нейкім абсалютным культурным вакууме.

Відавочна, што наша адукацыя тэрмінова патрабуе апгрэйду. Але, прабачце, у нашых дваццаці гадах сацыяльнай стагнацыі вінаватыя ніяк не Талстой з Дастаеўскім. За тое, што палітычныя мітынгі фатальна губляюць удзельнікаў, адказны ніяк не школьны курс літаратуры. І калі чарговая акцыя “Героі году” не збірае нармальнай колькасці гледачоў – смешна казаць, што праблема ў літаратурнай недавыхаванасці новай генерацыі.

Школка насамрэч важыць няшмат. Асабіста я анічога з тых заняткаў не ўзгадаю – падазраю, як і большасць суайчыннікаў. Неэфектыўныя методыкі, перманентна стомленыя выкладчыкі, адміністратыўная бюракратыя, маральна састарэлыя падручнікі – пра якую якасць ведаў тут можна казаць? Моладзь зараз выхоўваюць клубныя акцыі, вэгетарыанскі фастфуд, вандроўкі ў Вільню ды Маскву, глабальнае сеціва, беспартыйныя грамадскія ініцыятывы, кіно і музыка з торэнтаў – і да таго (тут зноў пагаджуся з Віталём) тупы пралетарскі півасік па выходных, БРСМаўскія рытуалы лаяльнасці, агульная дэградацыя прадзяржаўнай поп-культуры і агрэсіўная інтэрвенцыя папсы ад Вялікага Брата.

Вось дзе адбываецца галоўнае. Вось дзе будуецца рэальная ідэнтычнасць. Загрузіце маладзёнаў хоць Сервантэсам, хоць Картасарам – яны (нават калі і загрузяцца) усё адно пасля школкі выйдуць у зусім іншую культурную прастору з цалкам іншымі правіламі штодзённасці. Як лічыце, што пераможа?

Кіньце няшчаснага Лермантава! Забудзьцеся на Талстога. Пачынаць варта з іншага. Трэба мяняць не спіс дазволеных герояў, а падыход да зацверджаных канонаў. Вырабляць не “правільную” адукацыю і яе лаяльных прамоўтараў ды юзераў, а здольнасць складаць асабістую ідэнтычнасць з шырокага рэсурсу магчымых узораў ды культурных тэкстаў. І дбаць не пра тое, каб гучала “наша” і скарацілася “не наша”, а пра тое, каб кожны меў магчымасць з шэрагу культурных альтэрнатываў абраць сваю. Новыя прыярытэты складуцца самі. Хай нават насуперак асабістым надзеям нас са спадаром Цыганковым.

Прымусовая “ідэнтыфікацыя” – рэч у прынцыпе заганная. Нават калі мае высакародныя намеры. Рэальная культура стварае сябе сама. І не пытаецца дазволу, на якой хвалі і на якой мове ёй існаваць. Прасцей за ўсе мроіць, каб прыбралі “не тыя” мову ды літаратуру. Акей, “пачысцім” школку. А хто прыбяре іх з вуліц ды кніжных палічак? Хто паправіць інтэрнэт?

Хочацца хуткіх зрухаў. Хочацца не баяцца “рускага міру”. Хочацца Еўропы ў галовах. Але ж не школка тут ратаванне. А паслядоўныя і сістэмныя трансфармацыі культурніцкай прасторы. Выкладанне свабоды – праз спевы, тэксты, арт-акцыі, культурныя (у тым ліку літаратурныя) івэнты, грамадзянскія ініцыятывы. І, так, праз школу таксама. Але ж не толькі. І не першым нумарам. Бо першых (як і апошніх) тут няма.

Магчымы вынік? Стварэнне новых схем “простай” побытавай ментальнасці. Таго самага штодзённага асяроддзя. Бо “рускі мір” жыве не ў падручніках. А ў разгубленай свядомасці чалавека, які няздольны жыць сам – без дзяржаўнай пугі і маскоўскага перніка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!