1366

Магілёўскую журналістку спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за супрацоўніцтва з “Белсатам”

09.06.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Магілёўская журналістка-фрылансер Аліна Скрэбунова 9 чэрвеня атрымала sms-паведамленне на нумар мабільнага тэлефона. Невядомыя асобы прапанавалі журналістцы “з'явіцца на грамадскі пункт аховы правапарадку № 6 Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Магілёва 13-га чэрвеня ў 13-00".

Журналістку выклікаюць у якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

Па словах Аліны Скрэбуновай, яна была здзіўленая, атрымаўшы такое паведамленне ад невядомых асобаў і з невядомага ёй нумара тэлефона. Аліна кажа, што гэта мог быць і чыйсьці не вельмі разумны жарт. Таму журналістка параілася з сябрамі і даслала на гэты нумар паведамленне ў адказ.

“Калі вы сапраўды з міліцыі, то дашліце мне пісьмовы дакумент з пячаткамі ва ўстаноўленай законам форме”, — напісала ў sms-паведамленні Скрэбунова.

Разам з тым журналістка не выключае, што супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва сапраўды спрабуюць прыцягнуць яе да адказнасці за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”, бо раней гэта ж спрабавалі зрабіць супрацоўнікі Ленінскага РАУС г. Магілёва. У прыватнасці, Аліну Скрэбунову 12 мая выклікалі ў Ленінскі РАУС г. Магілёва. Падставай для выкліку паслужыла тое, што ў адносінах да Скрабуновай праводзілася праверка наконт яе датычнасці да з’яўлення на тэлеканале “Белсат” двух матэрыялаў з Магілёва.

Журналістка адмовілася даваць нейкія тлумачэнні супрацоўнікам міліцыі на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а днямі яна атрымала паведамленне з Ленінскага РАУС, што адміністрацыйны працэс у дачыненні яе спынены за недаказанасцю віны.

"Такое адчуванне, што міліцыя вельмі хоча мяне пакараць, — кажа Скрэбунова. — Нібыта ў іх ёсць звесткі, што я супрацоўнічаю з “Белсатам”, але доказаў гэтага яны не маюць”.

У 2015 годзе супрацоўнікі міліцыі ўжо спрабавалі прыцягнуць Аліну Скрэбунову да адказнасці за парушэнне часткі 2 арт. 22.9 КаАП РБ. Тады міліцыянты Ленінскага РАУС г. Магілёва таксама інкрымінавалі журналістцы супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. Аднак суддзя Ленінскага раёна г. Магілёва Алена Волкава спыніла вытворчасць па справе Аліны Скрэбуновай, бо скончыўся тэрмін прыцягнення яе да адказнасці.