450

Магілёўскую журналістку пакаралі яшчэ пяццю штрафамі

17.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

У Магілёве 16 сакавіка адбыліся яшчэ пяць судоў у дачыненні незалежнай журналісткі Аліны Скрабуновай.

Адміністрацыйныя справы па абвінавачанні Аліны Скрабуновай ў працы на замежны СМІ без акрэдытацыі на гэты раз разглядаліся ў судзе Магілёўскага раёна. У выніку журналістку пяць разоў пакаралі штрафамі па 25 базавых велічыняў (725 рублёў) на агульную суму ў 3 625 рублёў.

Разгляд спраў у дачыненні журналісткі працягваўся ўвесь дзень. Трое суддзяў — Максім Курпачэнка, Вольга Палуян і Алена Гуляшова разгледзелі пяць пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, складзеных Ленінскім РАУС г. Магілёва.

Ва ўсіх выпадках суддзі пагадзіліся з тым, што Скрабунова незаконна займалася вырабам прадукцыі СМІ, паколькі ў ноўтбуку, адабраным міліцыянтамі пасля правядзення агляду ў яе кватэры, знаходзіліся фотаздымкі, ідэнтычныя тым, якія былі ў артыкулах, размешчаных на сайце тэлеканала "Белсат".

Незаконнай прадукцыяй СМІ, якую нібыта вырабіла Аліна Скрабунова, прызнаныя пяць сюжэтаў, што выйшлі на тэлеканале "Белсат": пра судовыя працэсы над былым кіраўніком магілёўскага філіяла “Белгазпрамбанка” Сяргеем Кармызавым і экс-начальніцай упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірынай Жаббаравай, а таксама рэпартаж пра журналістку з Магілёўшчыны Дар'ю Чульцову, якую ў Мінску асудзілі да зняволення за відэаздымку вулічнай акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

Усе пасяджэнні праходзілі ў адсутнасць Аліны Скрабуновой, бо яна часова выехала з тэрыторыі Беларусі. На ўсіх пасяджэннях былі вынесеныя рашэнні аб пакаранні  журналісткі штрафамі ў 25 базавых велічынь за незаконны выраб прадукцыі СМІ паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП.

Нагадаем, што за папярэднія два тыдні  Аліну Скрабунову ўжо чатыры разы каралі штрафамі за незаконны выраб прадукцыі СМІ: 5 сакавіка — 25 базавых велічынь, 12 сакавіка — 25 базавых велічынь, 15 сакавіка — 30 і 25 базавых велічынь.

За апошнія гады ў Магілёве часцей за ўсё штрафы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП, якой зараз у новай рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях адпавядае ч. 3 арт. 23.5, атрымлівалі журналістка Аліна Скрабунова і відэаператар Аляксандр Сідарэўскі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!