251

Магілёўскую журналістку Аліну Скрабунову зноў пакаралі штрафам

12.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Журналіста-фрылансера Аліну Скрабунову ў чарговы раз прызналі вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ за сюжэт, які з’явіўся на тэлеканале “Белсат”. Суддзя Кастрычніцкага раённага суда Магілёва Жанна Пушкіна 12 сакавіка аштрафавала Аліну Скрабунову на 25 базавых велічыняў паводле арт. 23.5 КаАП РБ (у старой рэдакцыі КаАП гэта быў арт. 22.9).

Суд праходзіў у адсутнасць журналісткі, яна цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі.

У матэрыялах адміністрацыйнай справы быў прадстаўлены кампакт-дыск з скапіяваным, нібыта з сайта “Белсата”, артыкулам пра грамадскага актывіста Аляксея Барысава, якога вымусілі звольніцца з працы з-за яго грамадзянскай пазіцыі. Таксама на дыску былі захаваныя асобныя фотоздымкі з гэтага артыкула.

Супрацоўнікі Ленінскі РАУС Магілёва абвінавацілі журналістку ў тым, што яна незаконна вырабіла прадукцыю СМІ, а менавіта сюжэт для замежнага тэлеканала “Белсат”, не з’яўляючыся акрэдытаванай у Беларусі супрацоўніцай гэтага СМІ.

Паколькі ў матэрыялах адміністрацыйнай справы Скрабуновой не было дакументаў, якія б сведчылі пра тое, што журналістка мае да яе дачыненне, суддзя Пушкіна выкарыстала матэрыялы іншай справы. У ёй меліся дакументы, што інфармацыя пра артыкул ўзятая з ноўтбука, які раней быў выняты з кватэры, дзе пражывае журналістка. Пры гэтым вывучаныя судом іншыя матэрыялы не былі далучаныя да разгляданай справы Скрабуновой.

У выніку суддзя Пушкіна пакарала Аліну Скрабунову штрафам у памеры 25 базавых велічынь, што на сёння складае 725 рублёў.

Нагадаем, 5 сакавіка Кастрычніцкі раённы суд Магілёва таксама пакараў Скрабунову штрафам у памеры 25 базавых велічынь паводле арт. 23.5 КаАП. Журналістку прызналі вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.

У 2020 годзе Аліну Скрабунову неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 22.9 КаАП — за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі беларускага міністэрства замежных спраў.

За апошнія гады ў Магілёве часцей за ўсё штрафы па ч. 2 арт.22.9 КаАП, якой зараз адпавядае ч.3 ст.23.5 КаАП, атрымлівалі менавіта Аліна Скрабунова і незалежны відэааператар Аляксандр Сідарэўскі.

Зараз Скрабунова і Сідарэўскі знаходзяцца за межамі Беларусі. У гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Аліна Скрабунова запэўніла, што ў хуткім часе яны збіраюцца вярнуцца на радзіму, каб і далей працягваць сваю працу ў Магілёве.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!