288

Магілёўскія журналісты Алесь Асіпцоў і Аляксандр Буракоў — на волі!

19.05.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Магілёве з мясцовага ізалятара часовага ўтрымання на волю выйшлі журналісты Аляксандр Буракоў і Алесь Асіпцоў. Абодва журналісты “адсядзелі” за кратамі па дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту, якімі іх пакаралі раённыя суды горада нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Першым у 10:30 быў выйшаў на волю Аляксандр Буракоў. Журналіст сказаў, што пачуваецца добра, хаця выглядаў даволі стомленым. Ён адразу ж падзякаваў за падтрымку і салідарнасць калегам і праваабаронцам, якія яго сустракалі.

“Я адчуваў яе нават у ІЧУ, бо прыходзілі паштоўкі са словамі падтрымкі, і гэта было вельмі кранальна”, — сказаў журналіст.

Падчас гутаркі з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксандр адзначыў, што з боку супрацоўнікаў ІЧУ стаўленне да яго было карэктнае.

“Разам з тым за час знаходжання ў ІЧУ я напісаў дзве скаргі. Першая, наконт таго, што ў ізалятары было вельмі холадна, я быў нават вымушаны накрывацца матрасам, каб не замерзнуць. На мой погляд, гэта наогул можна лічыць катаваннем. Другая скарга тычылася таго, што хтосьці карыстаўся маім мабільным тэлефонам: перад арыштам ён быў зараджаны і адключаны, а калі я выходзіў — разраджаны і ўключаны”, — распавёў журналіст.

Аляксандр Буракоў запэўніў сяброў, што, нягледзячы на рэпрэсіі, ён абавязкова працягне сваю журналісцкую працу, а таксама па-ранейшаму будзе займацца праваабарончай дзейнасцю.

Пасля вызвалення Аляксандр з’ездзіў дахаты, каб прывесці сябе ў парадак, і адразу ж вярнуўся да будынка ІЧУ сустрэць разам з калегамі Алеся Асіпцова.

Асіпцова адпусцілі з-пад арышту каля 12:40. Ён распавёў, што перад выхадам яму давялося чакаць дзве хвіліны ў калідоры, бо супрацоўнікі ізалятара выпусцілі яго толькі ў дакладна вызначаны тэрмін.

Увесь час знаходжання ў ІЧУ Алесь Асіпцоў працягваў трымаць галадоўку. На пытанне калег пра самаадчуванне Алесь адказаў, што адчувае сябе даволі добра: “толькі задышка” і “часам крыху штарміць”. Разам з тым журналіст выдатна ўсведамляе, што выходзіць з галадоўкі яму давядзецца працяглы перыяд часу.

Паводле слоў Асіпцова, стаўленне супрацоўнікаў ізалятара да яго было нармальным, яны не дазвалялі сабе ніякіх некарэктных дзеянняў. Ён таксама адзначыў, што ў ізалятары было вельмі холадна — з-за гэтага нават не заўсёды мог заснуць.

Алесь падзякаваў калегам за салідарнасць, у ізалятары ён атрымліваў паштоўкі і газеты.

У ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама зараз адбывае пакаранне яшчэ адзін магілёўскі журналіст — Аляксандр Буракоў-малодшы. 15 мая суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў яго вінаватым у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах і пакараў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Сёння сваякі, у тым ліку і вызвалены дзядзька Буракоў-старэйшы, накіравалі яму перадачу з прадуктамі і цёплымі рэчамі.

Учора ў другой палове дня з магілёўскага ізалятара нечакана адпусцілі Міхаіла Аршынскага. Міхаіл адбыў пакаранне ў 10 сутак арышту, накладзенае на яго судом Кастрычніцкага раёна Магілёва. Разам з тым журналіста могуць у любы час зноў “пасадзіць”, бо застаюцца не адбытымі 11 сутак, вынесеные судом Ленінскага раёна Магілёва за ўсё той жа “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!