357

Магілёўскія ідэолагі паставілі задачу журналістам актывізавацца ў інтэрнэце і сацсетках

11.02.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Актывізаваць дзейнасць у інтэрнэце і сацыяльных сетках — такую задачу перад журналістамі дзяржаўных друкаваных СМІ паставіла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка.

“Адзін з важных накірункаў працы ідэалагічнага актыву сумесна з журналісцкай супольнасцю дзяржаўных СМІ — фармаванне канструктыўнай грамадскай думкі, супрацьстаянне дэструктыўнаму ўплыву, узняцце іміджу нашай краіны”, — падкрэсліла галоўны ідэолаг Магілёўскай вобласці на выніковай калегіі ўпраўлення 8 лютага. Пра гэта паведамляе сайт Магілёўскага аблвыканкама.

Паводле Кацярыны Музычэнка, калі традыцыйныя СМІ маюць пастаянную аўдыторыю і ў асноўным разлічаны на дарослае насельніцтва, то моладзь атрымлівае інфармацыю, актыўна абмяркоўвае актуальныя тэмы, дзеліцца меркаваннем у сетцы інтэрнэт.

Нам усім неабходна быць наперадзе ў засваенні самых сучасных ведаў і інфармацыйных тэхналогій. Улічваючы той факт, што давер да дзяржаўнай інфармацыі ў насельніцтва высокі, мы проста абавязаны ствараць і развіваць мультымедыйную прастору, — зазначыла падначаленым галоўны ідэолаг. — Мы абавязаныя несці сур’ёзную адказнасць за працу ў сетках. Але, на жаль, ёсць факты практычна непрацоўных акаўнтаў або доўгі час не актуалізаваных. Акрамя таго, у блогасферы працуюць адзінкі журналістаў вобласці. Не хапае дагэтуль на сайтах СМІ і ў групах сацыяльных сетак узаемадзеяння з карыстальнікамі ў дыялогавым рэжыме.

Чыноўніца паставіла задачу і перад сайтамі гарадскіх і раённых выканкамаў Магілёўшчыны: у бліжэйшы час не толькі напоўніць сайты інфармацыяй, але і актуалізаваць яе. А з 1 сакавіка ўсім гаррайвыканкамам ва ўзаемадзеянні з рэдакцыямі арганізаваць працу ў сацсетках.

Усяго ў Магілёўскай вобласці выдаецца 27 дзяржаўных газет: чатыры абласныя, дзве гарадскія і 21 раённая. Функцыянуюць 24 сайты аблгаррайвыканкамаў, 25 сайтаў дзяржаўных гарадскіх і раённых газет, 2 інфармацыйныя парталы.

Акрамя гэтага, у Магілёўскай вобласці зарэгістравана 30 недзяржаўных друкаваных выданняў. Большасць з іх мае інфармацыйна-рэкламны накірунак і не змяшчае на сваіх старонках артыкулы грамадска-палітычнага характару.

Па меркаванні незалежных журналістаў рэгіёна, магілёўскія чыноўнікі ад ідэалогіі выдатна разумеюць, што інфармацыйны кантэнт, які падаюць на сваіх старонках дзяржаўных СМІ, не выклікае вялікай цікавасці ў чытачоў. Наклады дзяржаўных друкаваных СМІ ў Магілёўскай вобласці пастаянна зніжаюцца, нягледзячы на настойлівыя “рэкамендацыі” супрацоўнікам бюджэтных арганізацый і дзяржаўных прадпрыемстваў з боку тых жа ідэолагаў выпісваць афіцыйныя газеты.

Каб выканаць пастаўленую ідэолагамі задачу, дзяржаўнай прэсе Магілёўшчыны варта змяшчаць на сваіх старонках больш актуальных крытычных матэрыялаў пра сапраўдны стан спраў у вобласці, а не рапартаў пра поспехі і дасягненні мясцовых чыноўнікаў, — раяць калегам з дзяржСМІ незалежныя журналісты.