385

Магілёўскія чыноўнікі падчас сустрэчы з жыхарамі Вейна перапісвалі дадзеныя з пасведчанняў журналістаў

30.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У аграгарадку Вейна Магілёўскага раёна 25 студзеня адбылася сустрэча кіраўніцтва завода па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў» і чыноўнікаў з мясцовымі жыхарамі. Першапачаткова яе арганізоўвалі як адказ на зварот 29  жыхароў Вейна, якія былі незадаволеныя экалагічнай сітуацыяй з-за працы завода. Але на сустрэчу ў будынак сельвыканкама прыйшло значна больш людзей, у тым ліку журналісты.

Па словах карэспандэнта інфармагенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, менавіта прысутнасць прадстаўнікоў СМІ на сустрэчы выклікала непакой у чыноўнікаў. Спачатку першы намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў спрабаваў давесці журналістам, што ім патрэбна нейкая акрэдытацыя для ўдзелу ў сустрэчы. Пасля тлумачэнняў Лапцэвіча, што для акрэдытацыі патрэбна, каб Магілёўскі райвыканкам спачатку распрацаваў адпаведнае палажэнне аб акрэдытацыі, Сцяпан Палоннікаў запатрабаваў ад журналістаў прадаставіць свае пасведчанні і загадаў чыноўніцы перапісаць іх па нумарах.

Магілёўскага журналіста Міхася Аршынскага асабліва ўразілі паводзіны дырэктара па будаўніцтве «Омск Карбон Магілёў» Мікалая Крывіцкага, які, калі да стала падыйшла першая журналістка, засмяяўся і сказаў нешта вельмі падобнае на «Ой, клоуны …». (На відэа гэты момант можна ўбачыць з 02:16).

Відэа Міхася Аршынскага

“Паколькі пытанне магчымага забруджвання ад «Омск карбону" стаіць у Вейна досыць востра, у рэшце рэшт мясцовыя ўлады вырашылі не падаграваць пратэстныя настроі і пусцілі ўсіх, хто прыйшоў, у тым ліку і журналістаў”, – распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч.

Жыхароў Вейна непакояць выкіды сажы з трубы «Омск карбону» падчас пуска-наладачных работ на прадпрыемстве ў лістападзе 2018 года. Паводле іх звароту, пасля гэтага на снег і нават на падваконні ў хатах лёг пласт чорнага рэчыва.