195

Магілёўскія бажаўцы правялі сход

14.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Магілёўшчыны 13 кастрычніка правялі сход. Бажаўцы абмеркавалі пытанні развіцця дзейнасці незалежных медыя ў рэгіёне і далейшага арганізацыйнага развіцця магілёўскай суполкі арганізацыі.

Галоўны рэдактар сайта “Магілёўскі рэгіёнЗміцер Салаўёў паведаміў пра новыя ўмовы супрацы з сайтам і прапанаваў журналістам рыхтаваць больш крэатыўнай інфармацыі менавіта з рэгіёнаў вобласці. Таксама Салаўёў паведаміў удзельнікаў сходу пра тое, што ўжо бліжэйшым часам “Магілёўскі рэгіён” збіраецца размяшчаць на сваіх старонках больш відэасюжэтаў і зноў плануе рабіць аўтарскія перадачы.

“Зараз вялікую цікавасць у жыхароў Магілёўшчыны выклікаюць запланаваныя на 17 лістапада выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Думаю, што мы прапануем выказаць сваю пазіцыю і ідэі тым кандыдатам у дэпутаты, якія захочуць гэта зрабіць. Прычым данесці свае меркаванні да выбаршчыкаў на нашым сайце змогуць як апазіцыйныя кандыдаты, так і прадстаўнікі “партыі ўлады”, — распавёў Зміцер Салаўёў.

Старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч азнаёміў удзельнікаў сходу з мерапрыемствамі, якія магілёўскія бажаўцы збіраюцца правесці ў апошнім квартале 2019 года. Таксама ён распавёў пра разнастайныя адукацыйныя курсы БАЖ, якія распачынаюцца бліжэйшым часам, і даў канкрэтныя парады тым сябрам, якія збіраюцца падаваць заяўкі на ўдзел у навучанні.

Як будаваць уплывовы медыябізнес — адкрытая сустрэча 17 кастрычніка, 18.00, Офіс БАЖ

Кіраўнік магілёўскіх бажаўцаў звярнуў увагу прысутных на тое, што зараз праводзіцца перапіс сябраў БАЖ і парэкамендаваў усім прыняць ўдзел. Вырвіч праінфармаваў бажаўцаў, што ў лістападзе ў Магілёве ў межах правядзення перапісу адбудзецца адмысловая сустрэча, падчас якой журналісты змогуць задаць свае пытанні прадстаўнікам кіраўніцтва арганізацыі. Ён падкрэсліў, што ў перапісе могуць паўдзельнічаць не толькі сябры арганізацыі, але і тыя актывісты, якія цікавяцца дзейнасцю ГА “БАЖ” і хочуць далучыцца ці супрацоўнічаць з журналісцкім аб’яднаннем.

Свае прапановы па паляпшэнні дзейнасці магілёўскай суполкі і сайта “Магілёўскі рэгіён” падчас агульнай дыскусіі выказалі сябры БАЖ са Шклоўскага раёна: Пётр Мігурскі і Рыгор Кастусёў, магілёўцы Алесь Сабалеўскі і Міхась Аршынскі, Валерый Каранкевіч з Хоцімска, Мікалай Федарэнка з Крычава і іншыя.

Сход сябаў ГА “БАЖ” гэтым разам адбыўся ў офісе “Магілёўскага рэгіёна”.