376

Магілёўскія БАЖаўцы павіншавалі пісьменніка-ветэрана з Днём народзінаў і чарговай узнагародай

28.05.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры ГА “БАЖ” Магілёўшчыны наведалі Слаўгарад, каб павіншаваць пісьменніка Фелікса Шкірманкова з 93-годдзем.

img_20190527_105958.jpg

Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў нарадзіўся 27 мая 1926 года ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён ветэран Вялікай айчыннай вайны, сябра Партыі БНФ, ТБМ і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Цягам шэрагу гадоў Фелікс Уладзіміравіч супрацоўнічае з рэгіянальнымі магілёўскімі выданнямі, дасылаючы туды свае вершы і артыкулы, падтрымлівае сяброўскія стасункі з магілёўскімі і крычаўскімі БАЖаўцамі.

dscf4628.jpg

Ад пачатку вайны Фелікс Шкірманкоў актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пасля заканчэння ваенна-інжынернай вучэльні ў званні малодшага лейтэнанта быў накіраваны на 4-ы Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзвода. Вайну скончыў пад Прагай, быў чатыры разы паранены. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”. Пасля вайны служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геолагаразведцы на Далёкім Усходзе, быў старшынём Слаўгарадскага савета дэпутатаў.

Фелікс Уладзіміравіч друкаваўся ў часопісах “Полымя” і “Нёман”, штотыднёвіку “ЛіМ”, газетах “Вольны горад” і “Магілёўскі выбар”, выдаў больш за дваццаць кніг вершаў і прозы.

dscf4634.jpg

27 мая 2019 года, у дзень нараджэння Фелікса Шкірманкова, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў па даручэнні Рады БНР уручыў яму медаль да 100-годдзя БНР, якім Фелікс Уладзіміравіч быў узнагароджаны на знак прызнання заслуг у нацыянальным дэмакратычным руху.

Павіншавалі з 93-годдзем і новай узнагародай спадара Шкірманкова і БАЖаўцы Магілёўшчыны. Старшыня магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч падарыў пісьменніку-ветэрану кветкі ад імя сябраў арганізацыі, пажадаўшы поспехаў у дзейнасці на карысць Беларусі. Найлепшыя пажаданні на адрас свайго даўняга сябра выказаў выдавец крычаўскай газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў, здароўя і даўгалецця зычыў ветэрану журналіст Алесь Асіпцоў.

Завершылася сустрэча святочным сталом.Падчас яго Фелікс Уладзіміравіч дэкламаваў свае новыя вершы, распавядаў пра творчыя планы. Пісьменнік і зараз актыўна працуе над новымі творамі, сустракаецца з прадстаўнікамі грамадскасці і моладдзю, папулярызуе беларускую мову.У хуткім часе ў адным з мінскіх выдавецтваў выйдзе новая кніга вершаў Фелікса Шкірманкова.