845

Магілёўскія БАЖаўцы падвялі вынікі 2017 года і зацвердзілі планы дзейнасці на наступны год

23.12.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Магілёўскія сябры ГА “БАЖ” 22 снежня падвялі вынікі дзейнасці суполкі ў 2017 годзе і зацвердзілі планы на наступны 2018 год.

Мерапрыемства традыцыйна адбылося ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола” у Магілёве. БАЖаўцы з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны сустрэліся, каб щзгадніць дзейнасць мясцовай суполкі арганізацыі ў наступным годзе.

Напачатку сустрэчы старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч коратка распавёў пра вынікі сумеснай дзейнасці сябраў арганізацыі ў 2017 годзе. Ён адзначыў, што ўдалося правесці практычна ўсе запланаваныя мерапрыемствы, прычым прайшлі яны на даволі высокім узроўні.

Барыс Вырвіч

Больш увагі было нададзена планам дзейнасці філіі на наступны год. БАЖаўцы Магілёўшчыны ўзгаднілі цэлы шэраг цікавых мерапрыемстваў, якія плануецца правесці ў 2018 годзе. У прыватнасці, у Магілёве адбудзецца некалькі агульных сходаў, круглых сталоў, прэс-клубаў, навучальных трэнінгаў і дэбатаў. У ліку запланаваных падзей і сумесныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі іншых філій ГА “БАЖ”.

Барыс Вырвіч засцярожыў увагу прысутных на тым, што ў красавіку 2018 года пройдзе чарговы з’езд ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, на якім будзе разгледжаны шэраг важных пытанняў. Напярэдадні з’езда ў сакавіку адбудзецца справаздачна-выбарчы сход сябраў Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”. Магілёўскія БАЖаўцы вырашылі запрасіць прадстаўнікоў кіраўніцтва арганізацыі паўдзельнічаць у працы мясцовага схода.

Пасля ўзгаднення планаў дзейнасці суполкі перад сябрамі і калегамі з невялікай прэзентацыяй выступіў магілёўскі журналіст Дзяніс Васількоў.  Васількоў распавёў прысутным аб дзейнасці распачатага ім праекта Mogilev.Report. У межах праекта праводзяцца прамыя трансляцыі з розных месцаў і падзей, якія адбываюцца ў Магілёве. Праект скіраваны на тое, каб людзі мелі большае ўяўленне пра падзеі, што адбываюца ў горадзе, і імкнуліся далучыцца да грамадскага жыцця. Таксама ствараецца своеасаблівая відэахроніка гарадского жыцця Магілёва.

Дзяніс Васількоў

Па словах Дзяніса Васількова, у межах праекта ў 2018 годзе запланавана правядзенне відэа-трансляцый з шэрагу цікавых мерапрыемстваў у Магілёве. Праект паспяхова развіваецца і набірае моц.

Напрыканцы сустрэчы магілёўскія БАЖаўцы супольна адзначылі надыходзячыя Каляды і Новы год за сталом каля святочнай ялінкі кавай, гарбатай і смачным тортам.