966

Магілёўскі журналіст у чарговы раз дабіўся адмены пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да чыноўніка і міліцыянта

28.02.2018 Крыніца: Cлужба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Вікторыя Палякова 27 лютага вынесла рашэнне адмяніць пастанову старэйшага следчага Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўніка юстыцыі Аляксандра Лескаўца аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва і ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава.

Магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч ужо некалькіх месяцаў дабіваецца прыцягнення да адказнасці чыноўніка і міліцыянта, якія перашкаджалі яго законнай прафесійнай дзейнасці.

Нагадаем, 29 красавіка 2017 года чыноўнік Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар Сяргей Калеснікаў не пусцілі журналіста ў залу пасяджэнняў  Ленінскай райадміністрацыі,  дзе праходзіў сход чальцоў гаражнага каператыву “Спутник-2008”. Журналіста БелаПАН на сход запрасілі ўдзельнікі сходу.

У ходзе судовага слухання У. Лапцэвіч здолеў давесці, што прынятая следчым Лескаўцом пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да чыноўніка і міліцыянта абсалютна неправамерная. Следчы Лескавец з невядома якіх дадзеных прыйшоў да высновы, што чыноўнік адміністрацыі Ленінскага раёна К. Кісцянёў не арганізоўваў сход чальцоў гаражнага кааператыву “Спутник-2008”, а праводзіў іх збор “у форме адначасовага запрашэння да сябе на прыём”. Паколькі Лапцэвіч прыйшоў у будынак адміністрацыі пасля сканчэння працоўнага дня, то Кісцянёў адмовіў Лапцэвічу ў асабістым прыёме.

Лапцэвіч распавёў пра тое, што ў СМІ Магілёва напярэдадні сходу адміністрацыяй Ленінскага раёна была надрукаваная абвестка менавіта пра правядзенне сходу чальцоў гаражнага кааператыву “Спутник-2008”. Такія абвесткі аб правядзенні сходу былі размешчаныя і на тэрыторыі гаражнага кааператыву. Распараджэнне правесці менавіта сход даваў Кісцянёву яго непасрэдны кіраўнік. Больш за тое, У. Лапцэвіч высветліў, што, згодна службовай інструкцыі, К. Кісцянёў наогул не мае ніякага права праводзіць асабісты прыём грамадзян.

Дзіўна, што падпалкоўнік юстыцыі не здолеў праверыць элементарныя дадзеныя, якія змог без асаблівых цяжкасцей знайсці журналіст.

Суддзя Вікторыя Палякова адмяніла пастанову следчага Лескаўца і накіравала матэрыялы справы начальніку Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта для правядзення дадатковай праверкі.

Уладзімір Лапцэвіч адзначыў, што з дапамогай суда і пракуратуры ён ужо ў трэці раз здолеў дамагчыся аднаўлення праверкі па матэрыялах аб незаконных дзеяннях чыноўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва і ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава.

Журналіст лічыць, што чыноўнік і міліцыянт парушалі артыкулы 426 і арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і перашкаджалі законнай прафесійнай дзейнасці журналіста.

“Я не ведаю ніводнага выпадку, каб узбуджалася крымінальная справа па артыкуле 198 у Беларусі — за перашкоду ў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста. У мяне мала спадзеву на тое, што справа будзе распачатая. Але, тым не менш, лічу неабходным прыцягваць увагу ўсімі гэтымі судамі і адменамі пастаноў да сітуацыі, якой не павінна быць. То бок, па сутнасці, перашкодзе журналісту працаваць”, - адзначыў Уладзімір Лапцэвіч.