558

Магілёўскі журналіст Міхаіл Аршынскі агулам пакараны 21 суткамі арышту

12.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Ленінскага раёна Магілёва 12 мая пакараў журналіста Міхаіла Аршынскага 11 суткамі арышту, абвінаваціўшы ў парушэнні артыкула 22.34 КаАП Беларусі (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Такім чынам Міхаіл правядзе ў ІЧУ агулам 21 дзень — напярэдадні, 11 мая, журналісту прысудзілі 10 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе.

Учора суддзя Ленінскага райсуда Аксана Ратнікава працягнула разгляд адміністрацыйнай справы магілёўскага відэааператара і блогера, сябра ГА “БАЖ” Міхаіла Аршынскага. Першае слуханне адбылося яшчэ 8 мая. Затрымалі журналіста ўвечары 7 мая каля яго дома.

Тады суддзя ў адказ на хадайніцтва Аршынскага пра неабходнасць пошуку адваката абвесціла перапынак да 16.00 12 мая. За гэты час Аршынскі мусіў заключыць дамову з адвакатам. Але літаральна праз некалькі хвілін наўпрост у будынку суда яго зноў затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе журналіст і правёў выходныя.

У панядзелак 11 мая ўжо ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва адбыўся яшчэ адзін судовы працэс ў дачыненні Міхаіла Аршынскага таксама па абвінавачанні ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП. У суд журналіста прывозілі з ізалятара. Суддзя Таццяна Міхайлава прызнала Аршынскага вінаватым і пакарала 10 суткамі арышту "за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" — за тое, што 5 мая журналіст рабіў стрымы з акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.

12 мая ў Ленінскі райсуд на працяг разгляду першай справы Аршынскага ізноў дастаўляюць з ізалятара. Зразумела, што за гэты час знайсці адваката журналіст не меў аніякай фізічнай магчымасці. Правёўшы пяць сутак у зняволенні, ён выглядаў вельмі стомленым і, магчыма таму, на пытанне суддзі, ці патрэбны яшчэ яму адвакат, адказаў адмовай.

Галоўным сведкам у судзе выступіў супрацоўнік Ленінскага РАУС, маёр міліцыі Павел Башарымаў (ён жа сведчыў пры разглядзе справы Аляксандра Буракова).

Маёр Башарымаў распавядаў, што ўвечары 6 мая ў натоўпе людзей непадалёк ад магілёўскага ІЧУ бачыў Міхаіла Аршынскага, які рабіў стрым. Потым Башарымаў пабачыў журналіста і ў відэа на YouTube і зрабіў выснову, што Аршынскі ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве.

Магілёўскія журналісты і праваабаронцы адзначаюць, што насамрэч ніякага масавага мерапрыемства 6 мая не было — у той вечар падпісчыкі затрыманнага блогера Ціханоўскага прыйшлі да ІЧУ, каб даведацца пра месца яго знаходжання.

Сведкам у судзе выступіў таксама галоўны рэдактар інфармацыйнага сайта “Магілёўскі рэгіён” Зміцер Салаўёў. Ён тлумачыў, што Міхаіл Аршынскі выконваў свой журналісцкі абавязак: асвятляў гэтую падзею, на што меў рэдакцыйнае заданне.

Але аргументы Салаўёва не паўплывалі на рашэнне суддзі Ратнікавай. Яна прызнала Міхаіла Аршынскага вінаватым і пастанавіла арыштаваць на 11 сутак.

Агулам цяпер журналіст правядзе ў зняволенні 21 суткі.

Магілёўскія БАЖаўцы абураныя рэпрэсіямі ў дачыненні калег-журналістаў. Яны лічаць, што беларускія ўлады перайшлі да рэпрэсіўных дзеянняў супраць журналістаў, каб не дапусціць распаўсюду інфармацыі пра падзеі, якія адбываюцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Міхаіл Аршынскі знаходзіцца ў ІЧУ з 7 мая.

Стартовал сбор средств для арестованных журналистов. Присоединяйтесь!

ГА "БАЖ" патрабуе вызваліць калег і перагледзець адміністрацыйныя справы. ЗАЯВА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!