339

Магілёўскі журналіст дайшоў да старшыні Следчага камітэта. Вынік сумны

03.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Амаль тры гады магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч спрабаваў прыцягнуць да адказнасці чыноўніка і міліцыянта за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай, аднак супрацоўнікі Следчага камітэта ўпарта адмаўляліся распачынаць крымінальную справу.

У выніку журналіст дайшоў да старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча, аднак і той не захацеў прыслухацца да ргументаў Лапцэвіча.

Супрацоўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар Сяргей Калеснікаў 29 красавіка 2017 года не пусцілі ў залу пасяджэнняў адміністрацыі Ленінскага раёна Уладзіміра Лапцэвіча, які ў той час працаваў какрэспандэнтам інфармагенцтва БелаПАН. Такім чынам службовыя асобы перашкодзілі журналісту выконваць прафесійныя абавязкі — яны забаранілі яму прысутнічаць на сходзе чальцоў гаражнага кааператыва “Спутник-2008”.

Лапцэвіч спрабаваў прыцягнуць да адказнасці чыноўніка і міліцыянта да адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай, аднак супрацоўнікі Следчага камітэта ўпарта адмаўляліся распачынаць крымінальную справу. У сваю чаргу гэтыя пастановы следчых адмяняліся альбо судом, альбо кіраўніцтвам Следчага камітэта, бо праверкі праводзіліся няякасна і скаргі Лапцэвіча зноў накіроўваліся на разгляд у Следчы камітэт.

У рэшцерэшт у студзені 2020 года суддзя Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава адмовіла ў задавальненні скаргі журналіста і пастанова старшага следчага ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Ігара Рыбакова ад 20 лістапада 2019 года аб адмове распачаць крымінальную справу ў дачыненні супрацоўніка Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава і работніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва ўступіла ў сілу.

Лапцэвіч вырашыў выканаць пастаўленую мэту да канца і запісаўся на прыём да старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Івана Наскевіча. Сустрэча журналіста з кіраўніком СК павінна была адбыцца 1 красавіка, аднак 30 сакавіка журналіст атрымаў паведамленне, што “ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася… асабісты прыём старшынёй Следчага камітэта будзе ажыццяўляцца ў рэжыме “прамой тэлефоннай лініі”.

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, 1 красавіка яму ўдалося пагутарыць з Іванам Наскевічам па тэлефоне. Кіраўнік Следчага камітэта выслухаў аргументы журналіста, пасля чаго стаў спасылацца на тое, што паміж Лапцэвічам і ЗАТ “БелаПАН” адсутнічалі працоўныя адносіны і ён не можа лічыцца журналістам. Хоць Лапцэвіч і лічыўся пазаштатным карэспандэнтам БелаПАН па Магілёве і Магілёўскай вобласці, аднак у штаце агенцтва такая пасада адсутнічае, а сам Лапцэвіч супрацоўнічаў з ЗАТ “БелаПАН” па аўтарскай дамове.

Спасылкі Лапцэвіча на тое, што, згодна ч. 7 арт. 1 Закона “Аб СМІ”, журналіст сродку масавай інфармацыі гэта фізічная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваннем i стварэннем (падрыхтоўкай) iнфармацыйных паведамленняў i (альбо) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыi рэдакцыi сродку масавай iнфармацыi, звязаная з гэтай юрыдычнай асобай працоўнымi альбо iншымi дамоўнымі адносінамі”, і ён у такі выпадку можа лічыцца журналістам, на Наскевіча не паўплывалі. Старшыня Следчага камітэта паабяцаў выслаць журналісту пісьмовы адказ.

У гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч падкрэсліў, што пасля атрымання адказу ад старшыні СК, ён разгледзіць магчымасці адстойваць далей свае правы журналіста.

“Я лічу, што да вырашэння гэтага пытання павінна далучыцца юрысты ГА“БАЖ”, бо ўлады практыкуюць двайныя стандарты ў вызначэнні тэрміна, хто з’яўляцца журналістам”, —зазначыў Лапцэвіч.

Лапцэвіч кажа, што зараз у Магілёве журналістаў штрафуюць паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за незаконны выраб прадукцыі СМІ, і пры гэтым судам не патрабуецца ніякіх доказаў іх працоўных адносін з замежнымі СМІ. Яны беспадстаўнапрызнаюцца журналістамі замежных СМІ, якія працуюць у Беларусі без акрэдытацыі.

Разам з тым чыноўнікі дазваляюць сабе не прымаць да ўвагі палажэнні Закона “Аб СМІ”, дзе наўпрост гаворыцца пра тое, што журналіст можа быць звязаны з рэдакцыяй працоўнымі або iншымi дамоўнымі адносінамі, а спасылаюцца на незразумелыя меркаванні  Міністэрства інфармацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!