457

Магілёўскі журналіст дамогся аднаўлення праверкі ў адносінах да супрацоўніка міліцыі

19.06.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч дамогся, каб Следчы камітэт аднавіў праверку па матэрыялах аб незаконных дзеяннях супрацоўніка Ленінскага РАУС г. Магілёва Сяргея Калеснікава.

Нагадаем, участковы Ленінскага РАУС г. Магілёва Сяргей Калеснікаў 29 красавіка 2017 г. не дазволіў журналісту знаходзіцца ў памяшканні будынка Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, дзе праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў сходу чальцоў гаражнага кааператыва “Спадарожнік – 2008”. Супрацоўнік міліцыі з прымяненнем сілы вывеў Лапцэвіча з памяшкання, дзе праходзіла рэгістрацыя, у калідор за руку.

Між тым члены кааператыва самі запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча.

Уладзімір Лапцэвіч палічыў, што Сяргей Калеснікаў парушыў артыкулы 426 і арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы і перашкаджаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста. Журналіст падаў заяву аб незаконных дзеяннях Калеснікава ў Магілёўскі межрайаддзел Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Следчы А. Лук’янчык па выніках праведзенай праверкі вынесла пастанову аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да ўчастковага Калеснікава “у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўніка міліцыі прызнакаў злачынства”.

Аднак Лапцэвіч не пагадзіўся з такой высновай следчага і 8 чэрвеня накіраваў хадайніцтва на імя начальніка Магілёўскага міжрайадзела Следчага камітэта Л. Каржа, у якім папрасіў аднавіць праверку ў адносінах да супрацоўніка міліцыі. У хадайніцтве Лапцэвіч назваў прозвішча сведкі незаконных дзеянняў участковага інспектара, якога неабходна апытаць.

Леанід Корж адрэагаваў на хадайніцтва журналіста і 16 чэрвеня накіраваў яму паведамленне, што цяпер Магілёўскім МРСК праводзіцца дадатковая праверка па матэрыялу аб незаконных дзеяннях супрацоўніка Ленінскага РАУС г. Магілева Сяргея Калеснікава.

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, ён хоча, каб супрацоўнікі магілёўскай міліцыі нарэшце зразумелі, што перашкаджаць журналістам выконваць свае прафесійныя абавязкі нельга, і што такія іх дзеянні парушаюць беларускае заканадаўства.

Зараз самаго Уладзіміра Лапцэвіча спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь за супрацоўніцтва з штотыдневікам беларусаў Польшы “Ніва”. Праверку ў адносінах да журналіста праводзяць якраз супрацоўнікі Ленінскага РАУС г. Магілёва.