890

Магілёўскі аблвыканкам паабяцаў правесці службовае расследаванне ў дачыненні чыноўніка, які не пусціў журналіста на сход чальцоў гаражнага кааператыва.

08.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч даслаў адказ на зварот журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча.

У сваім лісце ён паабяцаў правесці службовае расследванне па факце магчымага парушэння Закона “Аб сродках масавай інфармацыі” з боку чыноўніка адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва Канстанціна Кісцянёва. У выпадку ўстанаўлення факту парушэння дзеючага заканадаўства будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні Кісцянёва да дысцыплінарнай адказнасці.

Нагадаем, 29 красавіка 2017 г. супрацоўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча ў залу на сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. На сход журналіста запрасілі члены кааператыва.

Уладзімір Лапцэвіч расцаніў дзеянні чыноўніка, як самаўпраўства, і вось ужо на працягу некалькіх месяцаў дамагаецца, каб К. Кісцянёў быў прыцягнуты да адказнасці за здзейсненыя парушэнні беларускага заканадаўства.

Таксама ў сваім лісце намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама паведаміў журналісту, што Магілёўскаму гарвыканкаму і адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва рэкамендавана правесці тлумачальную працу з работнікамі адміністрацыі, каб пазбегнуць у далейшым падобных сітуацый у частцы прымянення Закона “Аб СМІ”. Ім указана на недапушчальнасць фармалізму пры разглядзе зваротаў грамадзян.

Па словах Лапцэвіча, раней ён ужо звяртаўся са скаргамі на дзеянні К. Кісцянёва ў адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва і ў Магілёўскі гарвыканкам, аднак там ніякіх парушэнняў заканадаўства чамусьці не ўбачылі. Таму журналіст быў вымушаны звярнуцца да абласнога кіраўніцтва.

“Пасля атрымання майго звароту Андрэй Кунцэвіч патэлефанаваў мне, і паабяцаў разабрацца, — кажа Лапцэвіч. — Добра ўжо тое, што ў сваім адказе ён прызнаў, што да разгляду маіх заяў у адміністрацыі Ленінскага раёна і Магілёўскім гарвыканкаме аднесліся фармальна”.

Уладзімір Лапцэвіч адзначыў, што ён па-ранейшаму будзе дабівацца прыцягнення Канстанціна Кісцянёва да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў праз міліцыю і суд.