1087

Магілёўскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу журналісткі Аліны Скрэбуновай

18.10.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Кацярына Вайцянкова палічыла, што суд Кастрычніцкага раёна Магілёва правамерна пакараў Аліну Скрэбунову штрафам у памеры 20 базавых велічынь за сюжэт за дабрачыннасць, які з’явіўся на тэлеканале “Белсат”.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/img_20171017_115126_1cs.jpg

Разгляд касацыйнай скаргі журналісткі-фрылансеркі А. Скрэбуновай адбыўся ў Магілёўскім абласным судзе 17 кастрычніка. У сваім выступе на судовым пасяджэнні журналістка распавяла пра шматлікія парушэнні, дапушчаныя пры разглядзе яе адміністрацыйнай справы ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва і пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні ўчастковым інспектарам Кастрычніцкага РАУС Уладзімірам Шчарбаковым.

– Пазначана, што я вырабіла прадукцыю СМІ метадам інтэрв’юіравання. Аднак вырабам прадукцыі СМІ займаецца рэдакцыя, проста сырая размова на камеру – гэта не прадукцыя СМІ. Фактычна мне ставяць у віну, што я паразмаўляла з іншым чалавекам, – заявіла ў судзе А. Скрэбунова.

Таксама журналістка звярнула ўвагу суддзі Вайцянковай на тое, што сюжэт на тэлеканале “Белсат” стварала рэдактар праграмы, за кадрам гучыць не яе голас, а голас іншага чалавека.

Суддзя Вайцянкова задаволіла хадайніцтва Скрэбуновай аб праглядзе роліка пра дабрачынны суботнік у гадавальніку для бяздомных сабак, за які журналістка і была пакараная штрафам. Па выніках прагляду суддзю зацікавіла толькі пытанне, ці была дзяўчына у дзень здымкі на тэрыторыі спэцаўтапрадпрыемства. Журналістка на пытанне адказваць адмовілася, падкрэсліўшы, што пра ўсё ўжо распавяла ў сваім выступе.

Па выніках пасяджэння Кацярына Вайцянкова вынесла рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі журналісткі, пакінуўшы пастанову суда Кастрычніцкага раёна Магілёва без зменаў.

Нагадаем, што суддзя суда Кастрычніцкага раёна горада Магілёва Наталля Ясенка 7 верасня вынесла пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 20 базавых велічынь (460 рублёў) Аліны Скрэбуновай. Журналістка-фрылансер была пакараная штрафам паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за супрацу са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”.

Аліна Скрэбунова пакуль не вырашыла, ці будзе далей абскарджваць пастанову Магілёўскага аблсуда ў вышэйшых судовых інстанцыях.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!