499

Магілёўская журналістка атрымала чарговы штраф. На гэты раз за станоўчы сюжэт пра тралейбусны парк

04.03.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 4 сакавіка працягнуў разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні журналісткі Аліны Скрабуновай. Аліну абвінавачвалі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ — за тое, што  яна разам з аператарам Аляксандрам Сідарэўскім знялі рэпартаж пра юбілей Магілёўскага тралейбуснага парка. Сюжэт быў паказаны ў эфіры тэлеканала “Белсат” 19 студзеня і падаваўся ў пазітыўным ключы.

Аляксандр Сідарэўскі яшчэ 24 лютага быў пакараны штрафам у 20 базавых велічыняў (540 рублёў) паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП, яго справу разглядала суддзя Наталля Крашкіна.

Справу Аліны Скрабуновай разглядала іншая суддзя суда Кастрычніцкага раёна — Вольга Зарычнюк. З-за таго, што відавочца здымкі рэпартажу Цімашэнка заявіўся на пасяджэнне ў нецвярозым стане, суддзя вырашыла перапыніць судовае пасяджэнне да 4 сакавіка. (Перад пачаткам працэсу журналісты прасілі суд аб’яднаць іх адміністрацыйныя справы і разглядаць матэрыялы ў адным пасяджэнні, але па незразумелых прычынах атрымалі адмову.)

На судовым пасяджэнні 4 сакавіка суддзя Зарычнюк правяла апытанне двух сведкаў: кантралёра Магілёўскага тралейбуснага парка Ганны Бараноўскай і пасажыра тралейбуса № 2 Аляксандра Цімошчанкі, якія пацвердзілі, што Скрабунова брала ў іх інтэрв’ю, а аператар Сідарэўскі пры гэтым рабіў здымкі на відэакамеру.

У сваім выступе ў судзе Аліна Скрабунова зноў спрабавала давесці сваю невінаватасць. Яна патлумачыла суду, што сам працэс запісу інтэрв’ю на камеру — гэта не выраб прадукцыі СМІ. Што ні яна, ні Сідарэўскі не з’яўляюцца ўладальнікамі, уласнікамі альбо акцыянерамі “Белсата”, і ў іх няма працоўнай дамовы з тэлеканалам. Што журналісты не выраблялі прадукцыю СМІ, гэта рабіла рэдакцыя тэлеканала.

Суддзя Зарычнюк не прыняла да ўвагі аргументаў Скрабуновай і амаль адразу, без усялякага перапынку для прыняцця рашэння, вынесла свой вердыкт — аштрафаваць журналістку на 50 базавых велічынь (1350 рублёў) паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

На просьбу журналісткі патлумачыць, чаму суддзя вырашыла пакараць яе максімальным памерам штрафу, суддзя Зарычнюк патлумачыла, што зрабіла гэта таму, што Скрабунова ўжо неаднойчы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.

Аліна Скрабунова сапраўды ўжо прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”, у красавіку мінулага года суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў яе штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1275 рублёў). Тады суддзя Аксана Ратнікава прызнала Скрабунову вінаватай ва “ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ”, бо відэасюжэт пра адкрыццё інклюзіўнага кафэ ў магілёўскім гандлёвым цэнтры, дзе працуюць інваліды-калясачнікі, быў паказаны на тэлеканале “Белсат”. Ён таксама меў цалкам станоўчы характар.

Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі

Магчыма, у хуткім часе Аліну Скрабунову чакае яшчэ адзін суд. Пасля папярэдняга судовага пасяджэння, якое прайшло 24 лютага, супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва ўручылі журналістцы позву з патрабаваннем з’явіцца ў пастарунак 10 сакавіка для складання чарговага пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Відэаператару Аляксандру Сідарэўскаму міліцыянты ўручылі позву сёння ў судзе, адразу пасля сканчэння пасяджэння па справе Скрабуновай. Праваахоўнікі чакалі Сідарэўскага пад дзвярыма суддзі Зарычнюк. У позве пазначана, што яго таксама выклікаюць у кабінет № 338 Ленінскага РАУС Магілёва 10 сакавіка а 10.00.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!