433

Магілёўская вобласць атрымае 360 камплектаў кніг Святланы Алексіевіч

16.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Неўзабаве Магілёўская вобласць атрымае 360 камплектаў кніг Святланы Алексіевіч з беларускамоўнага выдання серыі “Галасы Утопіі”. Пра гэта паведаміў у Facebook старшыня Магілёўскай гарадской суполкі ТБМ імя Францыска Скарыны Алег Дзьячкоў.

Некалькі месяцаў таму 15 камплектаў беларускамоўнага выдання з серыі “Галасы Утопіі” ўжо атрымаў горад Магілёў. Адпаведнай інфармацыяй з ім падзяліліся супрацоўнікі Магілёўскага аблвыканкама.

Па словах Алега Дзьячкова, бібліятэкі горада Магілёва сапраўды атрымалі пяцітомнік “Галасы Утопіі” некалькі месяцаў таму. Далей справа прыпынілася, і ў раённыя бібліятэкі кнігі Святланы Алексіевіч не патрапілі з-за разнастайных бюракратычных затрымак. Напрыканцы снежня 2018 года Алег Дзьячкоў звярнуўся да супрацоўнікаў упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама і патэлефанаваў у "Белгазпрамбанк", пасля чаго справа зрушылася з месца.

У хуткім часе беларускамоўны пяцітомнік «Галасы Утопіі» Святланы Алексіевіч паступіць у бібліятэкі Магілёўскай вобласці, — распавёў Алег Дзьячкоў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Нагадаем, што раней сябры ГА “БАЖ” Магілёўскай вобласці прынялі адмысловую заяву і накіравалі зварот на імя дырэктара Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілоны Сарокінай з просьбай патлумачыць, на якой падставе бібліятэка адмовілася ад падарунка — пяцітомніка «Галасы Утопіі» лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч.

Выданне было падрыхтаванае і выдадзенае за грошы, сабраныя на краўдфандынгавай пляцоўцы. Адзін з самых вялікіх фінансавых унёскаў зрабіў "Белгазпрамбанк". Усе кнігі планавалася бясплатна перадаць у бібліятэкі краіны. Аднак у Магілёўскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях ад падарунка адмовіліся, палічыўшы, што кніг Святланы Алексіевіч у іх фондах дастаткова.

У сваім адказе на зварот магілёўскіх бажаўцаў Ілона Сарокіна спаслалася на тое, што кнігі Святланы Алексіевіч ужо маюцца ў фондзе абласной бібліятэкі.