3150

Магілёўскага журналіста спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за супрацоўніцтва з беластоцкай “Нівай”

16.06.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Журналіста БелаПАН з Магілёва Уладзіміра Лапцэвіча 15 чэрвеня выклікалі ў Ленінскі РАУС горада. Нагодай сталі яго артыкулы ў штотыднёвіку для беларусаў Польшчы “Ніва”, які выдаецца ў Беластоку.

Лапцэвіча спрабуюць абвінаваціць у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ), таксама яму інкрымінуецца супрацоўніцтва з замежным выданнем. У адносінах да журналіста супрацоўнікамі міліцыі праводзіцца праверка аб неабходнасці распачаць адміністрацыйны працэс.

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, позву аб выкліку ў міліцыю прынеслі вечарам 14 чэрвеня, у дакуменце было пазначана, што яго выклікаюць у Ленінскі РАУС 20 чэрвеня 2017 года.

“Я сам ператэлефанаваў маёру Слаўнікаву і папрасіў перанесці сустрэчу на 15 чэрвеня, каб хутчэй з усім разабрацца”, — кажа Уладзімір Лапцэвіч.

Сустрэча з маёрам Слаўнікавым у Ленінскім РАУС г. Магілева распачалася ў 16-00 і працягвалася каля дзвюх гадзін. Супрацоўнік міліцыі задаваў Лапцэвічу загадзя падрыхтаваныя на паперы пытанні. Быў складзены пратакол апытання.

“Пытанні былі самыя розныя, —- распавядае Уладзімір Лапцэвіч. — У прыватнасці, было два пытанні наконт акрэдытацыі: "Вось “Ніва” не мае, і Вы не маеце акрэдытацыі”.

Журналіст спрабаваў давесці маёру Слаўнікаву, што ён з’яўляецца пазаштатным аўтарам газеты і ніякага ўплыву на іх рэдакцыйную палітыку не мае.

“Я не з’яўляюся карэспандэнтам “Нівы” і грошы атрымліваю, як пазаштатны аўтар. Аглядаю сайты, шукаю цікавыя навіны і рыхтую матэрыялы для “Нівы”. Ніякую інфармацыю я сам не здабываю, а толькі раблю агляды матэрыялаў прэсы”, — адзначыў Лапцэвіч.

Пра тое, што журналіст супрацоўнічае з беластоцкай “Нівай”, выдатна ведаюць падатковыя органы. На працягу шэрагу гадоў Лапцэвіч падае дэкларацыю ў падатковую інспекцыю, дзе пастаянна пазначае, колькі прыбытку атрымаў ад супрацы з газетай.

“Я плачу падаткі, у мяне ўсё празрыста”, — кажа журналіст.

Праверка ў адносінах да Уладзіміра Лапцэвіча будзе працягнута. 20 чэрвеня журналіст павінен зноў з’явіцца ў міліцыю, каб даведацца, ці будзе  распачаты адміністрацыйны працэс.

Нагадаем, яшчэ адну магілёўскую журналістку Аліну Скрэбунову супрацоўнікі міліцыі таксама спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь. Журналістцы інкрымінуюць падрыхтоўку матэрыялаў для тэлеканала “Белсат”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!