348

Магілёўскага журналіста Алеся Сабалеўскага зноў будуць судзіць

10.11.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіста інфармацыйнага партала “Магілёўскі рэгіён” Алеся Сабалеўскага 10 лістапада выклікаюць у суд Ленінскага раёна Магілёва для разгляду адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Адпаведнае sms-паведамленне з суда Ленінскага раёна Сабалеўскі атрымаў 9 лістапада на мабільны тэлефон. Яму патрэбна з’явіцца ў суд у кабінет 305 а 14:30.

Журналіст мяркуе, што ў судзе працягнецца разгляд адміністрацыйнай справы, звязанай з яго затрыманнем на “Маршы герояў” 13 верасня ў Магілёве.

Тады супрацоўнікі міліцыі затрымалі Сабалеўскага, хоць добра бачылі, што ён працаваў там менавіта ў якасці журналіста. Алеся абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту і да суда трое сутак утрымлівалі за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Справу ў судзе Ленінскага раёна 16 верасня разглядала суддзя Таццяна Касцюк, судовы працэс праходзіў па відэасувязі. Суддзі хапіла менш за 10 хвілін, каб зачытаць падрыхтаванае міліцыянтамі абвінавачанне: 13 верасня з 14 да 15 гадзін знаходзіўся каля гандлёвага цэнтра “Атрыум”, прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Журналіст цалкам адрынуў абвінавачанне і заявіў, што напісаннае ў пратаколе не адпавядае рэчаіснасці. Пасля гэтага суддзя Касцюк абвесціла, што накіроўвае матэрыялы справы ў Кастрычніцкі РАУС на дапрацоўку.

Сабалеўскага ж пасля судовага слухання адвезлі ў абласное ўпраўленне камітэта судовых экспертыз, дзе ўзялі адбіткі пальцаў і перафатаграфавалі яго ў профіль і анфас. Пасля гэтага вызвалілі, бо сцякаў тэрмін трохсутачнага затрымання, якое дазваляецца да вынясення судовага вердыкту.

Разам з тым Алесь Сабалеўскі не выключае, што выклік у суд можа быць звязаны з нейкай новай адміністрацыйнай справай. Пра гэта ён зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!