521

Магілёўца судзяць за экстрэмісцкія матэрыялы з усхваленьнем Расеі і прапаганду нацызму

04.04.2019 Крыніца: Радыё Свабода Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Падсудны распаўсюджваў відэаролікі, у якіх усхваляецца перавага расейцаў над іншымі нацыянальнымі групамі.

34-гадовы жыхар Магілёва Арцём Г. апублікаваў на сваёй старонцы «УКантакце» матэрыялы «са сцэнамі прапаганды і заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў, а таксама для фармаваньня нэгатыўнай ацэнкі прадстаўнікоў груп асобаў, аб’яднаных паводле расы, нацыянальнасьці, мовы, паходжаньня» (1-я частка 130-га артыкулу).

Сам абвінавачаны тлумачыць публікацыі «часовай азлобленасьцю на прадстаўнікоў каўкаскай нацыянальнасьці», якія пабілі яго.

Справу, распачатую паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу, разглядае Магілёўскі абласны суд. Працэс пачаўся 1 красавіка.

 

Відэаматэрыялы прызналі экстрэмісцкімі

Паводле сьледзтва, абвінавачаны ведаў пра зьмест матэрыялаў і наўмысна захоўваў іх у адкрытым доступе, каб прыцягнуць найбольшую ўвагу.

Ад 26 ліпеня 2018 году відэаролікі, якія фігуруюць у справе, пастановаю Ленінскага раённага суду Магілёва прызнаныя экстрэмісцкімі. Іх абвінавачаны разьмясьціў на сваёй старонцы паміж 22 жніўня 2010-га і 4 сакавіка 2013 году. Яны заставаліся даступнымі для прагляду, пакуль іх 11 красавіка 2018 году ня выдалілі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Пад увагу Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў магілёвец трапіў па «апэратыўнай інфармацыі».

У большасьці распаўсюджаных ім публікацыяў усхваляецца імпэрская веліч Расеі і перавага расейцаў над іншымі нацыянальнымі групамі. Яны зьмяшчаюць нацысцкія вітаньні і сымболіку. У матэрыялах справы няма зьвестак, што абвінавачаны ўваходзіць у нацысцкія групоўкі.

Што апублікаваў абвінавачаны і якая ацэнка экспэртаў

  • «Молотх» — «Ведьминский туман». Відэа з нэгатыўнай ацэнкай груп асобаў, аб’яднаных паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасьці.

  • «Яровит» — «Мы здесь». Відэа ўтрымлівае выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да варожых гвалтоўных дзеяньняў да груп асобаў, аб’яднаных паводле нацыянальнай прыкметы.

  • Nordfront — «Auf, auf Kamerad» пераклад на расейскую мову зь нямецкай. Відэа з заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды адной групай асобаў другой.

  • Графічныя выявы з тэкставым суправаджэньнем. Прапагандуюць нацысцкую і нэанацысцкую ідэалёгію і яе сымболіку, а таксама заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў з нэгатыўнай ацэнкай прадстаўнікоў груп, аб’яднаных паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыкметаў.

 

Сьцісла пра абвінавачанага

  • Жыве ў Магілёве. Мае сярэднюю адукацыю. Вучыўся ва ўнівэрсытэце, але быў адлічаны. Захапляецца гісторыяй Першай і Другой усясьветнай войнаў.

  • Працуе кладаўшчыком на адным зь мясцовых прадпрыемстваў;

  • За «хуліганства», учыненае ў непаўналетнім узросьце, быў пакараны 180 гадзінамі грамадзкіх работ.

  • У 2017 годзе прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за прапаганду нацысцкай сымболікі. Быў аштрафаваны на 115 рублёў.

 

Пазыцыя абвінавачанага: «Гэта была часовая азлобленасьць»

У судзе сваю віну падсудны прызнаў часткова. Паводле яго, за графічныя выявы яго ўжо каралі ў межах адміністрацыйнай справы за прапаганду нацысцкай сымболікі. Цяпер яны зноў сталі доказамі віны для крымінальнага перасьледу. З гэтым абвінавачаны не пагадзіўся.

На сьледзтве ж падсудны віну прызнаў цалкам і раскаяўся ва ўчыненым. Казаў, што ня ведаў пра адказнасьць за апублікаваныя матэрыялы.

Суду тлумачыў, што блізу васьмі гадоў таму яго ў Менску зьбілі прадстаўнікі «каўказкай нацыянальнасьці», бо меў «доўгія галасы». Пасьля інцыдэнту стаў нэгатыўна ставіцца да гэтай нацыянальнай групы. Па факту зьбіцьця ў праваахоўныя органы не зьвяртаўся.

«Сваю пазыцыю я памяняў. Нацыяналістычных поглядаў ужо не падтрымліваю. Гэта была часовая азлобленасьць», — казаў абвінавачаны суду.

Падчас сьледзтва ён знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. Крымінальную справу супраць яго распачалі ў жніўні 2018 году.

 

Пракуратура: крымінальную справу трэба было завесьці ў 2017 годзе

Дзяржаўнае абвінавачваньне вырашыла апратэставаць адміністрацыйнае пакараньне падсуднаму за прапаганду нацысцкай сымболікі, бо ў яго дзеяньнях ужо ў 2017 годзе быў склад крымінальнага злачынства. Тады справу разглядаў Ленінскі суд Магілёва.

З ініцыятывы прадстаўніцы пракуратуры ў працэсе абвешчаны перапынак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!