240

Магілёўца асудзілі за экстрэмісцкія матэрыялы з усхваленьнем Расеі і прапаганду нацызму

09.04.2019 Крыніца: "Радыё Свабода" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Асуджаны распаўсюджваў відэаролікі, у якіх усхваляецца перавага расейцаў над іншымі нацыянальнымі групамі.

Сьцяг Расейскай імпэрыі, які выкарыстоўваюць некаторыя расейскія нацыяналісты. Ілюстрацыйнае фота

34-гадовы магілёвец асуджаны за распальваньне нацыянальнай і расавай варожасьці абмежаваньнем волі на 2 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія»). Прысуд абвінавачанаму агучылі 9 красавіка.

За што судзілі

На сваёй старонцы «УКантакце» ён апублікаваў і захоўваў матэрыялы са сцэнамі прапаганды і заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў. У большасьці відэаролікаў і графічных выяў усхваляецца імпэрская веліч Расеі і перавага расейцаў над іншымі нацыянальнымі групамі. Сярод публікацыяў ёсьць і тыя, што прапагандуюць ідэі нацызму.

Паводле сьледзтва, абвінавачаны ведаў пра зьмест матэрыялаў і наўмысна іх захоўваў у адкрытым доступе, каб прыцягнуць найбольшую ўвагу.

26 ліпеня 2018 году відэаролікі, якія фігуруюць у справе, пастановай Ленінскага суду Магілёва прызнаныя экстрэмісцкімі. Абвінавачаны разьмясьціў іх паміж 2010 і 2013 гадамі, але яны заставаліся даступнымі для прагляду, пакуль 11 красавіка 2018 году не былі выдаленымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Што апублікаваў абвінавачаны і якая ацэнка экспэртаў

  • «Молотх» — «Ведьминский туман». Відэа з нэгатыўнай ацэнкай груп асобаў, аб’яднаных паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасьці.
  • «Яровит» — «Мы здесь». Відэа зьмяшчае выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да варожых гвалтоўных дзеяньняў да груп асобаў, аб’яднаных паводле нацыянальнай прыкметы.
  • Nordfront — «Auf, auf Kamerad» пераклад на расейскую мову зь нямецкай. Відэа з заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды адной групай асобаў другой.
  • Графічныя выявы з тэкставым суправаджэньнем. Прапагандуюць нацысцкую і нэанацысцкую ідэалёгію і яе сымболіку, а таксама заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў з нэгатыўнай ацэнкай прадстаўнікоў груп, аб’яднаных паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыкметаў.

Пазыцыя падсуднага

Сам абвінавачаны тлумачыў свае дзеяньні «часовай азлобленасьцю на прадстаўнікоў каўкаскай нацыянальнасьці», якія яго 8 гадоў таму пабілі. Таксама даводзіў, што ня ведаў пра адказнасьць за распаўсюджаныя матэрыялы і больш не падтрымлівае нацыяналістычных поглядаў». Сваю віну прызнаў і раскаяўся.

Падчас сьледзтва знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. Крымінальную справу супраць яго распачалі ў жніўні 2018 году.