392

Маці журналіста Дзяніса Івашына: пра новы крымінальны артыкул нічога не ведаем

26.10.2021 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі з 12 сакавіка 2021 года. У сеціве ў адным з праўладных телеграм-каналаў з’явілася інфармацыя, што 25 кастрычніка артыкул журналісту перакваліфікавалі, цяпер яго абвінавачваюць паводле артыкула «Здрада дзяржаве».

Ён прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пра тое, што адбываецца з Дзянісам распавяла яго маці Людміла Івашына.

— За апошнія некалькі тыдняў мы маем такую інфармацыю: Дзяніс ужо больш за два тыдні знаходзіцца ў карцары. Спачатку гэта было пяць сутак, потым  шэсць, у выходныя дадаліся яшчэ сем сутак. Вялікае пытанне: чаму? Я мяркую, што ён адмаўляецца супрацоўнічаць, ці падпісваць нейкія “лісты”, але паводле маіх звестак, з красавіка ніякіх следчых дзеянняў у дачыненні да яго не вядзецца.

Мы разам з яго жонкай некалькі разоў пісалі лісты ў следчы аддзел КДБ па горадзе Гродна. Я прасіла растлумачыць і напісаць канкрэтна, паводле якіх артыкулаў ці артыкула затрыманы мой сын. Адказу да сёння няма. Усю інфармацыю яны ад нас хаваюць. Мы не маем ні малейшага панятку пра тое, што адбываецца ў Дзяніса на самой справе.  

Да незразумелай інфармацыі, што з’явілася ў прадзяржаўных тэлеграм-каналах, спадарыня Людміла ставіцца вельмі адмоўна.

— Пакуль не ўбачу на паперы артыкулы, поводле якіх сына затрымалі, да таго часу не магу верыць. Але з іншага боку, мы вельмі добра ведаем, што адбываецца ў “беларускім цырку”. Была заяўка на экстрэмістаў, калі ласка, атрымайце "экстрэмістаў" — іх цяпер паўкраіны. Была заяўка на шпіёнаў, ужо знайшлі найлепшага шпіёна ў Гродне — Дзяніса Івашына. Проста яны задавальняюць чыесці “заяўкі”, я так гэта разумею. 

Людміла Івашына кажа, што лісты да Дзяніса амаль не даходзяць, а апошні ліст ад яго яны атрымалі больш за месяц таму.

Маці Дзяніса Івашына знаходзіцца на пенсіі, а жонка Вольга ўжо працяглы час не можа знайсці працу, таму сябры і знаёмыя палітзняволенага журналіста арганізавалі яго сям’і невялікую дапамогу.

***
Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітолаг. Працаваў журналістам у незалежнай газеце «Новы Час» і міжнароднай супольнасці ІnformNapalm, якая даследуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газета «Новы Час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю.

Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, завязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманне і заявіла, што журналісцкая дзейнасць ня можа быць прычынай пераследу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!