939

Лявон Карповіч прадставіў гарадзенцам кнігу пра роднае мястэчка

22.09.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

“Маё мястэчка Лунна-Воля” журналіста і блогера  Лявона Карповіча прадставілі ў гарадзенскай пляцоўцы „Цэнтр гарадскога жыцця”. Аўтар вядзе блог на старонках сайта “Твой Стыль”, а таксама друкуецца ў беларускай і польскай прэсе.

Кніга “Маё мястэчка Лунна-Воля” — гэта першая кніга аўтара. Яна выйшла ў свет дзякуючы ініцыятыве “Гарадзенская бібліятэка” і распачала серыю “Краязнаўцы Беларусі”.

На каго разлічана выданне распавядае аўтар Лявон Карповіч:

— У мяне была мара, каб гэтая кніжка стала дапаможнікам дзецям ў школе. У кожнай школе займаюцца краязнаўствам. Калі не на ўроках, то ў пазаўрочны час. Я хацеў бы каб была такая кніга, у якую можна заглянуць і знайсці цікавую тэму. Гэта ў першую чаргу. А таксама я б хацеў, каб жыхары вёскі Лунна даведаліся, што цікавага было ў іх вёсцы.

Гарадзенскі журналіст Павел Мажэйка, які з’яўляецца дырэктарам “Цэнтра гарадскога жыцця” і каардынатарам серыі “Гарадзенская бібліятэка”, вельмі ўсцешаны, што ўдалося выпусціць гэту кнігу.

"Серыяй “Краязнаўцы Беларусі” мы хочам вярнуць да жыцця краязнаўчы рух Гарадзеншчыны. Ён быў вельмі моцны ў канцы 1980-х — у 1990-я гады. Мы ставім перад сабой задачу даць магчымасць тым людзям, што дзесяцігодзямі збіралі інфармацыю пра свае мястэчкі, вёскі, землі, — надрукавацца і зрабіць публічнай іх працу. Гэта кніга стала першай, бо спадар Лявон вядомы на Гарадзеншчыне краязнаўца, даследчык сваіх мясцінаў. Ён шмат публікуецца. Гэта чалавек, якога варта надрукаваць", — гаворыць Павел Мажэйка.

Упершыню аўтар прадставіў сваю кнігу 2 ліпеня 2016 году на асабістым падворку, бо ўлады Лунна забаранілі прэзентаваць кнігу ў публічных месцах. Выданне пра роднае мястэчка, па словах Лявона Карповіча, рыхтавалася цягам 20 апошніх год.

А гарадзенская сустрэча адбылася ў межах “Тыдня беларускага мыслення”, на яе завіталі некалькі дзесяткаў гасцей.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!