1667

Лунінецкая філія БАЖ прааналізавала працу за год

08.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Людмілы Хмялеўскай

Сход па выніках 2015 года прайшоў у Лунінцы. Паўнамоцтвы старшыні філіі Святлана Гарда перадала Андрэю Сыціну.

“У мінулым годзе праца філіі будавалася паводле стратэгічных накурункаў дзейнасці БАЖ, — падкрэсліла ў справаздачы Святлана Гарда. — Мы прапанавалі шэраг ініцыятываў, якія, мяркуем, стануць традыцыйнымі”.

У гэтым годзе ў гонар калегі Віктара Філатава філія зацвердзіла дыпломы і прэміі яго імя. Узнагароды атрымалі краязнаўца Іван Панасюк і карэспандэнт сайта “Медиа-Полесье” Вольга Соц. Таксама ладзіўся футбольны турнір памяці Віктара Філатава, на які арганізатары — “Информ-прогулка” — вылучыла сваю каманду.

 Акцэнт у працы філіі рабіўся на міжрэгіянальныя мерапрыемствы. Так, ужо чацвёртым па ліку стаў байдарачны прэс-тур “Ізумрудная сетка”. Яго сёлетняя адметнасць — зацвярджэнне пераходнага Кубка, які перадалі на захаванне ў офіс ГА “БАЖ”.

У верасні ў Лунінцы прайшла традыцыйная “Сустрэча разам з БАЖ”, а таксама шосты круглы стол журналістаў і літаратараў Берасцейшчыны.

5 лістапада сябры арганізацыі падтрымалі штогадовую акцыю “Станем за журналістыку”.

Як і кожны год, лунінецкія БАЖаўцы актыўна выкарыстоўвалі магчымасці ўдзелу ў адукацыйных праграмах.

Падчас выніковага сходу за актыўнасць і крэатыўнасць самыя ініцыятыўныя сябры арганізацыі атрымалі сувеніры. Падарункі ад ГА "БАЖ" перадалі Дзіяне Лагун, Вользе Соц, Алене Насковіч, Вікторыі Мікуліч, якія — хто ўпершыню, а хто і ў другі раз — у мінулым годзе нарадзілі дзетак.

Святлана Гарда, якая за гады кіраўніцтва Лунінецкай філіяй БАЖ неаднаразова выводзіла сваіх падначаленых у пераможцы, адзначыла: “Я вымушана перадаць старшынскія паўнамоцтвы маладым актывістам, бо рэдактарская праца, на жаль, патрабуе поўнай самааддачы. Я нікуды не сыходжу і застаюся побач з калегамі”.

Старшынёй Лунінецкай філіі БАЖ абралі Андрэя Сыціна. Дарэчы, адбылося гэта акурат на юбілей спадара Андрэя.

Намесніцай старшыні стала Валянціна Чашэйка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!