189 0

Літва дала прытулак журналісту, які 2 гады таму ўцёк з Расеі ад перасьледу

12.07.2018 Крыніца: "Радыё Свабода"

Літва дала прытулак журналісту Яўгенію Цітову, які ўцёк з Расеі празь перасьлед і сачэньне, паведаміў у сераду Дэпартамэнт міграцыі Літвы, піша літоўскае выданьне Delfi.lt.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/219331.jpg

Журналіст чакаў канчатковага рашэньня Дэпартамэнту міграцыі амаль два гады і за гэты час нават пасьпеў вывучыць літоўскую мову. Цяпер ён працуе на навінавым партале DELFI, інтэрнэт-тэлевізіі Laisves ТБ і піша кнігу пра журналістыку ў Расеі.

«Я атрымаў тут ня толькі прыстанішча, — сказаў Цітоў BNS 11 ліпеня. — Два гады таму я атрымаў магчымасьць свабодна гаварыць пра тое, што цяпер адбываецца ў Расеі».

Дэпартамэнт міграцыі Літвы 11 ліпеня інфармаваў журналіста пра рашэньне даць яму палітычны прытулак. Паводле дэпартамэнту, спрыяльнае для журналіста рашэньне абумовілі дадатковыя абставіны, прыведзеныя ім у новым хадайніцтве аб атрыманьні прыстанішча. Цітоў сказаў, што даў дэпартамэнту інфармацыю аб сачэньні расейскіх праваахоўнікаў за ім.

«Я вельмі рады сёньня, таму што на самай справе гэта вельмі цяжка перажываць, вельмі цяжка пратрымацца ня толькі фінансава, але і псыхалягічна», — дадаў журналіст.

Ён падзякаваў журналісцкай супольнасьці і няўрадавым арганізацыям Літвы за падтрымку.

Яўгеній Цітоў — расейскі журналіст, былы супрацоўнік расейскай «Новой газеты» і расейскай службы Радыё Свабода, стваральнік і вядучы ток-шоў на прыватным youtube-канале «НоГа», яго гасьцямі былі і беларусы — экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікола Статкевіч і журналіст Свабоды Валер Каліноўскі.

У інтэрвію, якое Яўгеній Цітоў даў Свабодзе ў кастрычніку 2015 году, ён адзначаў, што пастаянна фіксуе факты перасьледу і сачэньня. Пасьля няўдалых зваротаў у паліцыю з просьбай высьветліць асобы людзей, якія за ім сочаць, журналіст вырашыў пакінуць Расею і зьехаў у Літву. У Расеі ў Цітова засталася сям’я, але ён лічыць, што туды яму вяртацца нельга, бо гэта для яго «кепска скончыцца».

У лютым 2017 году дэпартамэнт адмовіўся даць прытулак Цітову, матывуючы рашэньне тым, што ягоныя асьцярогі былі аб’ектыўна неабгрунтаванымі. Як сказаў журналіст, ён «сам быў трохі вінаваты, дрэнна ведаў законы, прывёў ня ўсе абставіны».

У кастрычніку 2017 году Галоўны адміністрацыйны суд Літвы абавязаў Дэпартамэнт міграцыі зноўку разгледзець прашэньне расейца.

Каментары