260

Ліда: журналісту-фрылансеру Юрыю Дзяшуку — 4 базавых велічыні штрафу

23.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Cуд Лідскага раёна сёння разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста–фрылансера Юрыя Дзяшука, які супрацоўнічае з “Беларускім Радыё Рацыя”.

Суддзя Уладзімір Федаровіч прызнаў журналіста вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі і пакараў штрафам у памеры 4 базавыя велічыні.

Супрацоўнікі міліцыі заўважылі Юрыя Дзяшука на здымках вулічнай акцыі прыхільнікаў перамен у Лідзе і палічылі гэта дастатковай падставай для адміністрацыйнага пераследу.

Судовае пасяджэнне адбывалася ў кабінеце суддзі і доўжылася прыкладна цягам гадзіны. У ходзе слухання суддзя прыняў хадайніцтва Дзяшука аб праглядзе відэасведчання. Пасля гэтага ў судзе быў абвешчаны перапынак на 15 хвілін — цягам яго журналіст і суддзя глядзелі відэа, якое і стала нагодай для складання пратакола.

Юрый Дзяшук тлумачыў, што ў той дзень прыехаў у Ліду, каб асвятляць акцыю прыхільнікаў Лукашэнкі “За Беларусь”. Шлях праўладнай акцыі пралягаў праз цэнтр горада, дзе ўжо больш за месяц збіраюцца людзі, не згодныя з абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкім выбараў.

У выніку суддзя абвесціў рашэнне: прызнаць журналіста вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і пакараць штрафам у памеры 4 базавыя велічыні.

Паводле слоў Дзяшука, суд улічыў тое, што апошнія пяць гадоў ён не меў ніякіх адміністрацыйных правапарушэнняў, і таму вынес мінімальны штраф.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!