541

Ліда: 15 сутак і вялікі штраф журналісту-фрылансеру

07.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

У Лідскім раённым судзе 7 траўня адбылося пасяджэнне, на якім пасля трох сутак ўтрымання пад вартай быў асуджаны журналіст-фрылансер Андрэй Фралоў.

Суддзя Максім Філатаў пакараў журналіста паводле артыкулаў 23.5 частка 3 КаАП (Незаконныя выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і 24.3 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа) — 30 базавых штрафу і 15 сутак арышту адпаведна.

Пасля судовага пасяджэння Андрэя Фралова змясцілі ў мясцовы ізалятар часовага ўтрымання, пры гэтым залічылі трое сутак, якія ён адбыў за кратамі.

Фралова затрымалі 4 траўня пасля таго, як ён працаваў у горадзе Бярозаўка, што на Лідчыне. Міліцыянты гвалтоўна затрымалі журналіста, калі ён сядаў у свой аўтамабіль.

Андрэя Фралова адразу завезлі ў Лідскі РАУС. Абяцалі, што суд над ім адбудзецца 5 траўня, аднак ні 5-га, ні 6-га траўня суда не адбылося. Журналіст быў затрыманы на 72 гадзіны для высвятлення асобы.

На суд да Андрэя Фралова ў Ліду завіталі яго калегі, а таксама жонка журналіста. Журналіст пакуль не вырашыў, ці будзе абскарджваць рашэнне суда.

Андрэй Фралоў вядомы ў горадзе аператар, які супрацоўнічае з рознымі СМІ рэгіёна, а таксама са шматлікімі польскамоўнымі СМІ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!