308

“Лічбы ёсць. Але я не магу Вам даць такую інфармацыю…” Як чыноўнікі расказваюць пра COVID-19 на Слонімшчыне

15.05.2020 Крыніца: Мікола КАНАНОВІЧ для BAJ.BY Сюжэт: COVID-19

“Слонімская ЦРБ забяспечана апаратамі вентыляцыі лёгкіх згодна табелю забеспячэння…” — з адказу галоўнага доктара раёна Наталлі Рызвановіч “Газеце Слонімскай”

Калі ў канцы сакавіка ў Слоніме з’явіліся першыя чуткі пра хворых на каранавірус, карэспандэнт “ГС” Ганна Валадашчук па тэлефоне наўпрост звярнулася на галоўнага доктара Слонімскай ЦРБ Наталлі Рызвановіч з пытаннем, ці ён на Слонімшчыне хворыя на каранавірус.

— Цяпер у інфекцыйным аддзяленні знаходзіцца пяць чалавек. Першыя аналізы, якія мы атрымалі — адмоўныя..., — адказала тады галоўны доктар раёна. І гэта быў першы і апошні раз, калі ў яе адказе прагучала хоць нейкая лічба.

Пытанні і адказы

Другога красавіка рэдакцыя “ГС” адправіла на імя галоўнага доктара ЦРБ ліст з пытаннямі чытачоў, якія збольшага датычылі працы дзіцячай паліклінікі і дактароў-педыятараў. Было ў тым лісце і адно пытанне пра колькасць у Слонімскім раёне апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

“Адміністрацыя УЗ “Слонімская ЦРБ” на пісьмо рэдакцыі газеты “Газета Слонімская” ад 02.04.2020 №25 прадстаўляе інфармацыю:

УЗ “Слонімская ЦРБ” забяспечана апаратамі вентыляцыі лёгкіх згодна табелю забеспячэння…”, — быў адказ пра пытанне аб колькасці апаратаў ШВЛ.

Па ўсіх астатніх пытаннях (а іх налічвалася 8) галоўны доктар параіла звяртацца да намесніка галоўнага доктара па дзяцінству і родаўспамажэнню, да загадчыка дзіцячай паліклінікі ды на сайт ЦРБ у індывідуальным парадку.

Калі ж рэдакцыя “ГС” адправіла запыт з васьмю пытаннямі чытачоў загадчыцы Слонімскай дзіцячай паліклінікі Марыі Аляксеевай, то адказу ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін не атрымала. У тэлефоннай размове з карэспандэнтам “ГС” Жаннай Івановай шостага траўня (ёсць запіс тэлефоннай размовы) Аляксеева патлучачыла сваё маўчанне тым, што не з’яўляецца юрыдычнай асобай і не ўпаўнаважаная даваць адказы на пытанні ды параіла журналісту звярнуцца па адказы… ўсё да той жа Рызвановіч.

Такім чынам рэдакцыя “ГС” больш як праз месяц зноў звярнулася да галоўнага доктара Слонімскай ЦРБ Наталлі Рызвановіч з тымі ж самымі пытаннямі.

Па стане на вечар 15 траўня адказу рэдакцыя яшчэ не атрымала.

Пра каранавірус на Слонімшчыне

Што датычыцца колькасці хворых на каранавірус на Слонімшчыне, то галоўны санітарны доктар Дзмітрый Дзерваедаў толькі адзін раз па стане на 21 красавіка агучыў для “ГС” гэтую лічбу — тады было трое хворых з пацверджаным каранавірусам.

Пасля святкавання Вялікдзеня, калі праз пяць дзён у бальніцы Слонімшчыны пачалі масава паступаць хворыя семінарысты, манахі і святары з Жыровіч (а першым захварэў архіепіскап Гурый), ніякай канкрэтнай інфармацыі па хворых на каранавірус не агучваюць ні медыкі, ні мясцовыя ўлады.

главный санитарный врач Слонимского зонального центра гигиены и эпидемиологии Дмитрий Дервоедов

“Лічбы гэтыя ёсць. Але мы пастаўлены ў такія ўмовы, што я не магу Вам даць такую інфармацыю…” — прызнаўся ў размове з аўтарам гэтых радкоў мясцовы функцыянер ад медыцыны.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!