1629

Лічбы і мэсыджы ад Мінінфарма

04.02.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

36 папярэджанняў, 41 блакаванне, стратны “Другі нацыянальны тэлеканал”, заслон  “дэструктыўнаму ўплыву” і “ўдасканаленне” Закона аб СМІ датычна Інтэрнэту. 

Міністэрства інфармацыі ў 2015 годзе выносіла 36 папярэджанняў рэдакцыям друкаваных СМІ і абмяжоўвала доступ да 41 інтэрнэт-рэсурсу.

Такія лічбы агучыла на калегіі Мінінфармацыі 4 лютага міністр Лілія Ананіч, – перадае БелТА

“"Мінінфарм і надалей будзе патрабаваць ад усіх удзельнікаў інфармацыйнага поля выканання заканадаўства. Аж да прымянення норм закона аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, дзейнасць якіх ідзе ўразрэз з нацыянальнымі інтарэсамі”, – падкрэсліла кіраўніца ведамства.

Са 111-і мілярдаў рублёў (каля 6 млн еўра), выдаткаваных міністэрству з дзяржаўнага бюджэта ў 2015 годзе, было засвоена 107,5 млрд, паведаміла міністр. 

Паводле спн. Ананіч, па выніках мінулага года вызначыліся тры стратныя прыдпрыемствы: “Мінаблсаюздрук”, “Другі нацыянальны тэлеканал” і друкарня “Перамога”. Акцыі друкарні распараджэннем кіраўніка дзяржавы перададзеныя ў камунальную ўласнасць Маладзечанскага раёна, а “Мінаблсаюздрук” у 2016 годзе рэструктуруюць шляхам далучэння да РУП “Белсаюздрук”.   

Шмат увагі на калегіі надавалася тэме “дэструктыўнага ўплыву” электронных і інтэрнэт-СМІ на грамадскую думку.

“Інфармацыйнае поле Беларусі, інтэграванае ў сусветныя інфармацыйныя плыні, пастаянна адчувае знешняе ўздзеянне. Перад электроннымі СМІ стаіць важнейшая задача па інфармацыйным супрацьдзеянні дэструктыўнаму ўплыву на грамадскую думку”, – цытуе БелТА Лілію Ананіч.

Па яе словах, задача СМІ – “ўсебакова ўзмацняць інфармацыйнае забеспячэнне рэалізацыі дзяржаўных задач”, “аргументавана супрацьстаяць спекуляцыям на эканамічных цяжкасцях”, “акцэнтаваць увагу аўдыторыі на дасягненнях Беларусі па розных накірунках”.

Віцэ-прэм’ер Наталля Качанава казала пра неабходнасць “ставіць заслону скажонай інфармацыі”. А галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч заявіў, што “Інтэрнэт неабходна павярнуць на службу грамадству”.

“Самыя вострыя пытанні ў сферы сродкаў масавай інфармацыі – гэта інтэрнэт, –  цытуе БелТА рэдактара “СБ”. – Інтэрнэт з’яўляецца і мабілізацыйным фактарам, але шмат у чым яшчэ і расколвае грамадства, сее бескультур’е, цынізм у пэўным сэнсе”. “Будзе няправільна, калі мы не ўдасканалім закон аб СМІ ў гэтай частцы”, – лічыць Павел Якубовіч.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!