966

Лемяшонак — Гарэцкаму: Савет у сферы СМІ працуе ў дастаткова адкрытай форме

14.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Старшыня ГА “Беларускі саюз журналістаў” адказаў на зварот прэс-сакратара ГА “БАЖ” Барыса Гарэцкага адносна адмовы ў атрыманні інфармацыі пра дзейнасць Грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы СМІ.

Анатоль Лемяшонак, які таксама з’яўляецца сябрам дадзенага савета, лічыць, што “савет працуе ў дастаткова адкрытай форме”. Грамадскі каардынацыйны савет у сферы масавай інфармацыі быў створаны пастановай Савета міністраў Беларусі ў 2008 годзе і павінен збірацца на свае паседжанні не радзей, чым раз у тры месяцы.

Разам з тым ужо шмат гадоў у прэсе не з’яўлялася ніякай інфармацыі пра паседжанні і дзейнасць згаданага савета. У сувязі з гэтым прэс-сакратар ГА “БАЖ” звярнуўся да старшыні структуры Паўла Якубовіча з просьбай паведаміць пра працу савета, даты апошняга і будучага паседжання. Павел Якубовіч у афіцыйным лісце адказаў Гарэцкаму, што не збіраецца дзяліцца інфармацыяй, “бо не лічыць гэта мэтазгодным”.

На думку прэс-сакратара ГА “БАЖ”, гэты выпадак яскрава дэманструе сітуацыю з доступам да інфармацыі ў Беларусі нават пра дзейнасць афіцыйнай грамадскай структуры. Цяпер Гарэцкі абскарджвае адказ Якубовіча ў Савеце міністраў Беларусі, які і выдаў пастанову №1625 ад 29 кастрычніка 2008 года аб стварэнні савета.

Якубовіч: Даваць справаздачу пра працу Грамадскага савета ў сферы СМІ немэтазгодна

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!