518

Легендарнага журналіста Змітра Лупача ў Паставах не аштрафавалі — выйшаў час

18.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Адміністрацыйную справу за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП) пастаўскія міліцыянты распачалі ў дачыненні Змітра Лупача за сюжэт пра талерантнасць для ютуб-канала “Белсата”. Суддзя Наталля Максімовіч 18 лютага не пакарала журналіста па прычыне пратэрмінавання справы.

Зміцер Лупач кажа, што такое рашэнне Пастаўскага райсуда стала для яго прыемнай нечаканасцю, тым больш на фоне таго прысуду, што быў агучаны сёння яго калегам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

— Быў настроены на штраф, думаў, што дадуць каля 50 базавых. Сапраўды нечакана, але мне падаецца, што гэтае рашэнне прымала не толькі суддзя, а недзе яшчэ. Можа, каб паказаць, што мы, маўляў, не толькі судзім, але і спыняем справы. Канешне, дакладна я не ведаю, чаму так сёння адбылося, — адзначае журналіст. — Але я сёння непрыемна ўражаны тым прысудам, які быў агучаны маім калегам. Атрымаць два гады зняволення за журналісцкую працу, калі яны нікуды нікога не заклікалі! Нашу дзяржаву такі прысуд ставіць у шэраг афрыканскіх краін, а ніяк не еўрапейскіх.

Акрамя  сяброў з глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” падтрымаць Змітра на суд прыехала яго калега з Віцебска Алена Шабуня. Для яе рашэнне суда было таксама прыемнай нечаканасцю. Але, як кажа журналістка, яна злавіла сябе на думцы, што журналісты радуюцца таму, што павінна быць.

— У звычайным жыцці гэта нармальна, калі ты звяртаешся ў суд па вырашэнне той ці іншай сітуацыі, і суд выносіць нейкую правільную пастанову паводле закона. А для нас ужо становіцца незвычайнай падзеяй, што справу закрылі. Насамрэч гэтую справу не павінны былі і заводзіць, бо Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну права на збор і распаўсюд інфармацыі.

Нагадаем, цягам апошняга месяца на Змітра Лупача пастаўскія міліцыянты завялі дзве справы за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Сёння, 18 лютага, адну справу спынілі, а другая адпраўленая назад на дапрацоўку ў РАУС.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!