230

Леанід Судаленка зноў будзе судзіцца з сайтам “Рогачёв-Online”, каб абараніць свой гонар і годнасць

05.11.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Распаўсюджаную сайтам “Рогачёв-Online” інфармацыю разгледзіць Гомельскі абласны суд — Леанід Судаленка падаў апеляцыйную скаргу

Праваабаронца  і сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка аспрэчвае ў Гомельскім абласным судзе рашэнне Рагачоўскага раённага суда, які не падтрымаў пазоў Судаленкі да сайта “Рогачёв-Online” і яго рэдактара Дзяніса Дашкевіча. Праз суд праваабаронца патрабаваў абвяржэння інфармацыі, распаўсюджанай на сайце “Рогачёв-Online”.

З Леанідам Судаленкам пагутарыў карэспандэнт службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

 — Суд  першай інстанцыі цалкам адхіліў вашы прэтэнзіі да сайта “Рогачёв-Online” і яго рэдактара Дзяніса Дашкевіча. Зразумела, кожны мае права на аспрэчванне датычнага  яго судовага рашэння. І ўсё ж, якія існуюць аргументы, каб ісці ў апеляцыйны суд?

— З рашэннем Рагачоўскага раённага суда я не згодны, бо высновы яго не адпавядаюць устаноўленым падчас судовага разбіральніцтва фактам.

Леанід Судаленка каля суда ў Рагачове

На сайце “Рогачёв-Online”, а таксама ў Facebook, на старонках “ВКонтакте” і “Одноклассники” Дашкевіч распаўсюдзіў такую абразлівую для мяне інфармацыю (арыгінал па-руску): “Інцыдэнт з крадзяжом сяброўскіх складак прававым інспектарам РЭП Леанідам Судаленкам выліўся ў зацяжны канфлікт інтарэсаў у “Палескай крэпасці” і нават выйшаў на рэспубліканскі ўзровень”.

Суддзя Ірына Малашкевіч, якая разглядала пазоў, прызнала такую моўную канструкцыю звычайным інцыдэнтам у прафсаюзнай арганізацыі, хоць гаворка вядзецца пра “інцыдэнт з крадзяжом сяброўскіх складак”. І скраў гэтыя складкі не міфічны персанаж, а нібыта я — прававы інспектар прафсаюза РЭП. Прозвішча маё названае.

Судовы працэс Судаленкі супраць Дашкевіча: Стрыжак расказаў пра доступ да "фінансавых плыняў"

Нарматыўны тлумачальны слоўнік Ожэгава пад словам “крадзеж” разумее як прысвойванне чужога, наўпрост — зладзейства.

У пратаколе судовага пасяджэння ад 20 верасня, апроч іншага, зафіксавана  пытанне суддзі да адказчыка: “Доказы крадзяжу Судаленкам прафсаюзных складак у вас ёсць?” Дашкевіч: “Няма”.   

Падчас разбіральніцтва суд вызначыў, што ў адказчыка адсутнічаюць доказы майго крадзяжу. Тым не менш, у рашэнні суд нематывавана адмовіўся прывесці гэту акалічнасць. Але ж відавочна, што высновы суда ў гэтай частцы супярэчаць здабытым фактам, а сцвярджэнне ў публікацыі на сайце “Рогачёв-Online” пра крадзеж мной прафсаюзных складак не адпавядае рэчаіснасці, ганьбіць мае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю як прававога інспектара прафсаюза.

— Трэба разумець, што гэта не адзіная пазіцыя, якую вы аспрэчваеце ў апеляцыйным судзе?

— Так, я аспрэчваю ўсе пяць абвінавачванняў на мой адрас, якія Дзяніс Дашкевіч распаўсюдзіў не толькі на сайце “Рогачёв-Online”, але і ў сацыяльных сетках, перадрукаваўшы з малавядомага рэсурса ананімны пасквіль пад загалоўкам “Новы скандал у апазіцыі: не могуць падзяліць грошы”.

Са спасылкай на неўстаноўленую судом кампетэнтную крыніцу, адказчык параўноўвае мяне з “французскім кантрацэптывам”  і абвінавачвае ў “разгортванні падпольнай дзейнасці для пазбаўлення Віктара Казлова пасады абласнога кіраўніка прафсаюза”.

Паводле тлумачальнага слоўніка, “кантрацэптыў” — супрацьзачаткавы сродак, які ў рускай мове мае і нецэнзурнае гучанне, а моўная канструкцыя пра “разгортванне падпольнай дзейнасці” чытаецца як ажыццяўленне ў шырокіх памерах актыўнай нелегальнай дзейнасці.

У пратаколе судовага пасяджэння (стар. 31), адказваючы на пытанне суда: “Пры чым тут французскі кантрацэптыў?”, Дашкевіч тлумачыў: “Няхай ён спытае ў грамадзян Беларусі, якія яго параўноўвалі. Я асабіста гатовы яго параўнаць з кантрацэптывам французскай вытворчасці як грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Інакш кажучы, адказчык не адмаўляў факт распаўсюду ў дачыненні да мяне і такой нічым не абгрунтаванай абразы.

— Вы кажаце пра відавочныя факты, якія могуць абразіць любога  разважлівага чалавека. Аднак Рагачоўскі раённы суд палічыў усё гэта неістотным, паколькі адмовіў вам у задавальненні прэтэнзій да рагачоўскага сайта. Як вы лічаце, чаму?

— Я не выключаю, што суддзі маглі падказаць “правільнае рашэнне” альбо наогул націснуць зверху. Беларуская судовая сістэма, на жаль, не з'яўляецца незалежнай, асабліва, калі разглядаюцца справы палітычна матываваныя.

Інакш як разумець сітуацыю, калі суддзя ў напісаным сказе бачыць толькі слова "інцыдэнт" і не бачыць слова "крадзеж", не бачыць маё прозвішча за гэтым словам?

Чаму я кажу пра палітычную матывацыю. Цяпер улады праз свае адмысловыя структуры, у тым ліку і спецслужбы, ствараюць розныя інтэрнэт-пляцоўкі, каб праз іх паліваць брудам грамадскіх актывістаў і наогул апазіцыйныя структуры, якія маюць адрознае ад уладаў меркаванне пра цяперашнюю эканамічную, палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама пра стан з правамі чалавека. Так лягчэй маніпуляваць увагай грамадства. Напрыклад, пераключыць гэтую ўвагу з рэальнай пагрозы суверэнітэту краіны альбо з адсутнасці рэальных выбараў на нейкі міфічны крадзеж прафсаюзных складак, каб потым казаць пра дзяльбу грошай у шэрагах апазіцыі.

І такія кантраляваныя невялічкія інтэрнэт-рэсурсы, як у Рагачове, падліваюць смалы ў агонь праз перадрукоўкі і рэпосты, пашыраюць кампанію ганьбавання і праваабаронцаў, і прадстаўнікоў незалежных ад улады грамадскіх аб’яднанняў і партый.

У такім разе абывацелі будуць менш думаць, чаму гэта ўлада, набраўшы ў сукупнасці 40 мільярдаў долараў крэдытаў, зноў ходзіць з працягнутай рукой альбо падпісвае невядомыя грамадству дакументы пра паглыбленне інтэграцыі з Расіяй і ставіць пад пагрозу суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

Мне проста шкада тых саматужных рэдактараў інтэрнэт-сайцікаў, якія навучыліся шчоўкаць мышкай у камп’ютары, але так і не дараслі да сапраўднай журналістыкі, да адэкватнага асэнсавання быцця грамадства і краіны. Не маючы годнай грамадзянскай пазіцыі, яны заўсёды ў позе лакея: “Чаго пажадаеце?”

Але яшчэ больш мне шкада ўласнага часу, паколькі  яго даводзіцца губляць на тое, каб даказваць, што белае — гэта белае, а чорнае — яно і ёсць чорнае.