927

Леанід Міндлін: “Спакойны Мінск аказаўся для Дзімы “гарачай кропкай” страшней за Чачню...”

09.06.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Леанід Міндлін: “Выбар прафесіі для Дзімы быў абсалютна не выпадковым. Яго родная цёця Ганна Басава была тэлевізійным рэжысёрам, а яе муж – цяпер нябожчык Валер Басаў – вядомы беларускі кінадакументаліст. Так што Дзіма, можна сказаць, працягваў “сямейную справу”.


Фота svaboda.org

Спачатку ён працаваў у навінавай рэдакцыі і нават трапіў у пул першага прэзідэнта: працуючы на АТН, ён суправаджаў Лукашэнку ва ўсіх паездках і здымаў яго. Казалі, што ён “асабісты аператар”, але гэта не так – проста ён быў у пуле. Калі Дзіма знік, памятаеце, Лукашэнка сказаў: “Знайдзіце мне Дзіму!” Кажуць, што, калі Завадскі сышоў на ОРТ, той быў вельмі незадаволены.

На ОРТ Дзіма адразу ж трапіў “у добрыя рукі” – да Сяргея Паўлавіча Гельбаха, і я думаю, што гэта шмат у чым вызначыла яго прафесійны ўзровень.

Кажуць, кожны чалавек у стане напісаць адзін геніяльны радок, кожны можа зняць адзін геніяльны кадр. Для майго фільма Дзіма неяк зняў кадр: вуліца Камсамольская, помнік Дзяржынскаму, і праз профіль Дзяржынскага – выхад на гадзіннік. Вось такі нейкі вобраз часу атрымаўся... Бывае, сто разоў ходзіш каля нейкага месца і не звяртаеш увагі на яго адметнасць. А Дзіма знайшоў і ўбачыў.

Тады я зразумеў, што з’явіўся аператар з вялікімі перспектывамі. Калі яны з Паўлам Шараметам ужо з’ехалі ў Маскву (ім жа тут не дазвалялі працаваць, не давалі акрэдытацыі), яны паехалі здымаць на Далёкі Усход. Стужкі, знятыя Дзімам там, былі ўжо працай сур’ёзнага майстра.

А далей была Чачня, дзе выявіліся яго новыя якасці. Вайсковы аператар у гарачай кропцы – гэта ўжо асаблівая прафесія. Салдат ідзе ў бой з аўтаматам, прыгнуўшыся, а аператар – з камерай. Пры росце Дзімы, які здымаў на камеру Betacam, што глядзіцца як гранатамет і ў якую вельмі хочацца пальнуць, – гэта было вельмі небяспечна...  

Мне расказваў афіцэр Федэральных войскаў, што Дзіма ніколі не займаўся інсцэніроўкамі, якімі часам грашылі ў Чачні тэлевізійшчыкі, асабліва расійскіх каналаў. Дзіма здымаў сумленна.

Вярнуўшыся з гэтай апошняй сваёй камандзіроўкі ў гарачую кропку,  у сакавіку 2000 года ён здымаў у Мінску Дзень волі. Тады іх здымачную групу – яго, Сяргея Гельбаха і Дзмітрыя Наважылава – два разы забіралі. Першы раз – людзі ў чорных масках на плошчы Якуба Коласа, а потым на вуліцы Чырвонай – “касманаўты” так званыя. На тых кадрах відаць, як ён адной рукой спрабуе захінуць апаратуру і спакойна так кажа: “Не чапай камеру!”

А праз некалькі месяцаў Дзіма знік. Вось табе і Мінск, дзе ніякіх баявых дзеянняў, ніякай грамадзянскай вайны, ніякага супрацьстаяння... Тым не менш, аказалася, што гэтая “гарачая кропка” для яго аказалася страшней за Чачню.

Гэта быў прыемны хлопец, вельмі прывабны, высокі. І пры гэтым заўсёды трымаўся крыху ўбаку, ніколі не выпячваў сябе.

Натуральна, у дзень знікнення ў нас быў шок. Увечары мне патэлфанаваў Сяргей Паўлавіч Гельбах і сказаў, што Дзіма знік. Менавіта ён патэлефанаваў тады памочніку Лукашэнкі Барысевічу і  дамогся, каб у той жа дзень Дзіму пачалі шукаць. Хаця, паводле закона, толькі праз 3 дні пасля знікнення чалавека пачынаецца яго вышук...

Наколькі далёка зайшоў той пошук, што яны ведаюць – цяжка сказаць...

У мяне чамусьці ўзнікае аналогія з забойствам Веранікі Чаркасавай. Справа ў тым, што і Дзіма, і Вераніка – яны да нейкіх там “экстрэмальных” падзеяў не мелі дачынення. Адна пісала, другі здымаў. Але нехта мог меркаваць, што ў іх ёсць нейкія дакументы, відэадакументы, тэкставыя дакументы і г.д. Тобок, прыбралі іх на ўсялякі выпадак...”