800

Лазік Ройтшванец вяртаецца ў Гомель, каб стаць тут “гомельскім Швейкам”

14.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мясціны, звязаныя са знакамітым літаратурным пэрсанажам Іллі Эрэнбурга, створаным у рамане “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”, узнаўляюцца высілкамі Гомельскай філіі ГА “БАЖ”. 13 траўня філія зладзіла ў Гомелі адмысловы прэс-тур пад назвай “Шляхамі Лазіка Ройтшванеца”.

hato0514_1.jpg

“Спадзяёмся, што грамадскай супольнасці ўдасца займець у асобе Лазіка Ройтшванеца гарадскі брэнд”, — кажа кіраўнік Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Мікола Бянько.

Кнігу  Эрэнбург  напісаў у 1927 годзе ў Парыжы падчас эміграцыі.  Незадоўга да ад’езду пісьменнік наведваў Гомель, чытаў лекцыі пра перспектывы “сусветнай рэвалюцыі”, гасцяваў у Льва Выгоцкага, псіхолага і выдаўца. Вынікам наведвання і стаў раман пра бурлівае жыццё Ройтшванеца, габрэйскага “мужчынскага краўца з самага звычайнага Гомеля”. Дзякуючы яму Еўропа і даведалася пра Гомель.

Здзек над правадыром пралетарыяту

Лакалізаваць адрасы, згаданыя ў рамане Ільлі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”, філія ГА “БАЖ” запрасіла мясцовага гісторыка і пісьменніка Сяргея Балахонава.

Экскурсію той распачаў з вуліцы Ліпавай (цяпер Пушкіна), дзе месціцца будынак былой епархіяльнай вучэльні. Зараз гэта адзін з карпусоў медыцынскага ўніверсітэта. Сюжэт рамана Эрэнбурга, па сутнасці, і разгортваецца з гэтага месца.

hato0514_2a_kalia_byloha_budynku_militsyi.jpg

Лазік чытае прыклееную на сцяне вучэльні абвестку пра нечаканы скон ад завароту кішак “выпрабаванага правадыра гомельскага пралетарыяту таварыша Шмурыгіна”. Чытае і ўздыхае цяжка, з надрывам. Грамадзянка Пуке пачула гэты незвычайны ўздых і данесла каму трэба: маўляў, Лазік “здзекаваўся над светлай памяццю таварыша Шмурыгіна”.

Пачаліся выклікі да следчага, допыты. Балахонаў мяркуе, што допыты маглі весціся ў будынку міліцыі на вуліцы Баярскай (цяпер вуліца Баўмана), дзе габрэйскага краўца вызначылі як “гнілога прадукта клерыкальнага лягчання асобы” і аддалі пад суд — за “абразу сцяга і герба”.

Лазіку, канешне, было крыўдна, бо ён прачытаў усю “Азбуку камунізму”, ведаў напамяць песні знакамітага пралетарскага барда Шуркі Бяздомнага, хадзіў на заняткі палітасветы, не мінаў клуб саматужнікаў-аднаасобнікаў “Чырвоны прарыў”.

Балахонаў параўноўвае Лазіка Ройтшванеца з купалаўскім Мікітам Зноскам з п’есы “Тутэйшыя” — ён такі ж прыстасаванец, церпіць з-за ўласнага языка, не можа выказацца проста, а выдае на кожнае пытанне вялікую тыраду са слоў і вобразаў. І каб не гэтыя акалічнасці, Лазіка маглі б бачыць у Маскве “на самым раскошным пасту”.

Сеў “Камуніст” ці не?

У рамане не падаецца дакладна месца жыхарства Лазіка. Гэта магла быць “Амэрыка” — цяперашні раён Цэнтральнага рынка і вуліцы Рэчыцкай альбо “Каўказ”, дзе зараз знаходзяцца вуліцы Карла Маркса і Арцёма. Не вызначаны і клуб кустарнікаў-адзіночак “Чырвоны прарыў”, які наведваў Лазік і дзе спявала ягоная сімпатыя — дачка кантара Фенечка Гершановіч.

Затое згадваецца высокі бераг Сожа над Кіеўскім спускам, адкуль гомельцы назіралі за ракою і гадалі: сеў “Камуніст” ці не?

У гутарковай мове за такія разважанні можна было і за кратамі апынуцца, бо двухкоссе ў гутарковай мове не перадаецца. А “Камуніст” — гэта звычайны параход, якія вазіў у Кіеў з Гомеля яйкі ды гастрольныя трупы і часам натыкаўся на водмель.

Гомельскі шык

Парк і палац Румянцавых-Паскевічаў па-над Сожам Лазік, падарожнічаючы па свеце, згадваў як “шык” — “адзін парк у Гомелі прыгажэй усіх пэнзлікаў Рафаэля”. Казаў Лазік і пра жывога ваўка, якога трымалі ў парку на ланцугу. Ён сваім жахлівым выццём палохаў “наіўную дзятву”.

Сяргей Балахонаў мяркуе, што расповеды пра ваўка маглі быць гарадскім фальклорам, які падтрымліваўся гараджанамі, каб дзеці лішні раз не лазілі па парку.

hato0514_3.jpg

Згадвае Лазік і музей, праўда, чамусці толькі з адным-адзінюткім ягоным экспанатам: “А ў музэі вісіць галандская рыба — дай бог такую кожнаму габрэю да суботы”.

Гомельскі кравец, каб не застацца галодным падчас сваіх вандровак, калі яму даводзілася працаваць малпаю ў атракцыёне, разводчыкам трусоў, сумленным кандыдатам Харчсмаку ці жывой рэкламай ў аптэцы, распавядаў часам, што ў Гомелі яго шанавалі, як Пушкіна. Хваліўся нават, што калі-небудзь над Сожам яму паставяць “прыгожанькі помнік”.

“Назамрэч мы бачым у парку помнік Мікалаю Румянцаву, а вось помніка Лазіку Ройтшванецу няма”, — канстатуе гісторык Балахонаў. — Праўда, пры вакзале стаіць скульптура Вячаслава Далгова “Чамаданавы настрой”. Гэты ж вобраз адлюстраваны на афішы спектакля Гомельскага лялечнага тэатра па матывах рамана “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”, але гэта не той помнік, пра які марыў Лазік”.

“Трамвай на квадратных колах”

Занатаваная ў рамане і галоўная плошча горада — Базарная-Леніна, дзе месціліся гандлёвыя рады, пажарнае дэпо з вежай, касцёл.

На Базарнай плошчы, як зазначаецца ў рамане Эрэнбурга, людзі  пазнавалі Салавейчыка ажно ад вакзала, бо вопратку яму цыраваў сам Лазік. Так і казалі: “Ідзе латка Ройтшванеца”. У звязку з цэнтральнай плошчай  Эрэнбург згадвае і праект будаўніцтва ў  Гомелі трамвайнага шляху, які быў распрацаваны і прыняты гарадской Думай яшчэ да рэвалюцыі, але так ніколі і не ўвасоблены.

hato0514_5_ploshcha_lenina_bazarnaya.jpg

“Здзеклівы выраз “гомельскі трамвай на квадратных колах, — зазначае  Балахонаў, — бытаваў яшчэ нават у 90-я гады мінулага стагоддзя.

А будынкам колішняй гарадской Думы пачынаецца вуліца Савецкая, якая раней называлася Румянцаўскай”.

Стрыжка бобрыкам

Яшчэ адзін адрас, з якім пазнаёміліся ўдзельнікі экскурсіі “Шляхамі Лазіка Ройтшванеца” — гэта трохкутнік, абмежаваны вуліцамі Савецкай, Камунараў, Працоўнай, раней адпаведна Румянцаўскай, Мясніцкай і Базарнай.

hato0514_6.jpg

Вандруючы ў Польшчы, Лазік цікавіўся ў паляка, у якім гатэлі той спыняўся, калі быў у Гомелі. Сам Лазік пры гэтым  згадвае 1-ы Камунальны гатэль. Хоць там і былі “нахабныя клапы”, затое з балкона яго можна было глядзець на знаёмых мінакоў. Гатэль мог месціцца ў адным з даходных дамоў на Мясніцкай.

hato0514_7.jpg

Згадваецца і першы гарадскі кінатэатр, які ў свой час месціўся ў гатэлі “Савой”. Гатэль стаяў на месцы цяперашніх старога ўнівермагу ды кінатэатра імя Калініна, ацалелай часткі таго “Савоя”. Акурат недзе тут крыклівы сябра Лазіка, цырульнік Лёўка, не мог спакойна глядзець ні фільмы, ні перашэптванні параў пра пікантны працяг вечару. На настойлівыя заляцанні мужчын да маладых дзяўчат Лёўка гучна рэагаваў: “Я б цябе бобрыкам падстрыг!”

Дарэчы, у 20-я гады мінулага стагоддзя, яшчэ да наведвання Гомеля Эрэнбургам, гатэль “Савой” быў цэнтрам паўстання салдат Заходняга фронту супраць бальшавіцкіх камунараў, бо тыя не выконвалі адзін з асноўных дэклараваных лозунгаў: “Зямля — сялянам!”

У шэрагу са Швэйкам

Пісьменнік Сяргей Балахонаў кажа, што Лазік Ройтшванец Іллі Эрэнбурга цалкам можа канкураваць з салдатам Швейкам Яраслава Гашэка. Нездарма еўрапейцы  называлі  Лазіка “габрэйскім Швэйкам”. Шкада толькі, што напісаны ў Парыжы раман “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца” дайшоў да савецкага чытача праз шэсць дзесяцігоддзяў, напрыканцы гарбачоўскай перабудовы, калі чытацкі інтарэс да літаратуры заўважна знізіўся. У іншым разе турыстычны Гомель з Лазікам Ройтшванецам мог бы выглядаць нашмат цікавейшым.

Там, дзе пасяліўся Лазік

З “культурнага трохкутніка” ўдзельнікі прэс-тура накіраваліся ў лялечны тэатр. Ягоны дырэктар Дзмітрый Гарэлік апавёў пра вяртанне Лазіка Ройтшванеца найперш на сцэну тэатра ў выглядзе трагікамічных прыгод гомельскага краўца. У аснове пастаноўкі п’еса Аляксандра Левенбука і Міхаіла Ушаца, напісаная паводле рамана Іллі Эрэнбурга.

hato0514_8.jpg

Завяршыўся прэс-тур выступам ансамбля габрэйскай музыкі ў гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.