756 0

Лаўрэатка Праваабарончай прэміі 2017 года — журналістка Радыё "Свабода" Галіна Абакунчык ФОТАРЭПАРТАЖ

08.12.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістка Галіна Абакунчык стала лаўрэаткай Праваабарончай прэміі 2017 года ў намінацыі «Журналіст года». Прэмія ўручаная за «абарону каштоўнасцяў правоў чалавека».

Галіну Абакунчык неаднаразова пераследавалі за прафесійную дзейнасць, яна заўсёды была ў цэнтры падзеяў. Сёлета ў Оршы Галіну затрымалі за асвятленне «Марша недармаедаў», пакаралі буйным штрафам, а да таго ж пазбавілі акрэдытацыі МЗС.

Прэмію Галіне ўручыў гісторык-архівіст, былы палітвязень, лаўрэат прэміі мінулага года Зміцер Дрозд.

«Вельмі важная салідарнасць, без якой цяжка працаваць і праваабаронцам, і актывістам, і журналістам. Гэтай прэміяй можна ўзнагародзіць многіх іншых журналістаў. Бо ўсе мы працуем у няпростых умовах, калі парушаецца закон. Але мы недарэмна працуем — мы набліжаем той час, калі Беларусь стане нармальнай краінай, калі законы будуць выконвацца, правы чалавека будуць правамі. Нельга спыніць час, гісторыю. Свабода — яна ўнутры нас. Гэта мой жыццёвы тэзіс. Так гаварыў польскі капелан Ежы Папялушка ў часы "Салідарнасці". Дзе тыя камуністы цяпер? А свабода ёсць. Жыве Беларусь!» — сказала Галіна Абакунчык падчас цырымоніі ўганаравання.

Праваабаронцай года названая Раіса Міхайлоўская (Беларускі дакументацыйны цэнтр).

Праваабарончая кампанія года By_Help. Яе арганізатары каардынавалі дапамогу рэпрэсаваным гэтай вясной грамадзянам у Беларусі. Прэмію атрымлівала прадстаўніца ініцыятывы By_Help Юлія Дарашкевіч.

Яна адзначыла, што гэтая прэмія належыць усім людзям, якія праявілі салідарнасць, заангажаванасць, не былі абыякавымі да тых асобаў, якія зведалі рэпрэсіі.

Сёлета ўсе дыпломы Праваабарончай прэміі атрымалі жанчыны. Віншуем пераможцаў!

Кіраўніца Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні Таццяна Рэвяка ўсіх павіншавала з надыходзячым святам — Сусветным днём правоў чалавека.

Сёлета праваабарончая прэмія ўручалася ў дзявяты раз.

У аргкамітэт прэміі ўваходзяць ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звоскава, Беларускі Хельсінскі камітэт, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, Камітэт «Салідарнасць», Праваабарончы альянс, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Прававая ініцыятыва і Цэнтр прававой трансфармацыі.

 Лаўрэаты прэмій ад праваабарончай супольнасці мінулых гадоў:

2016 год: Сяргей Драздоўскі, Офіс па правах людзей з інваліднасцю (праваабаронца года); Адар’я Гуштын і Зміцер Дрозд (журналісты года); інтэрнэт-часопіс «Имена» (найлепшая праваабарончая ініцыятыва).

2015 год: Валянцін Стэфановіч, Праваабарончы цэнтар «Вясна» (праваабаронца года); Зміцер Лукашук (журналіст года); Валеры Шчукін (асоба года).

2014 год: Алена Танкачова, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend (праваабаронца года); Алена Панкратава, аўтарка цыкла перадач «Свабода ў турмах», сайт «Вясны» (журналіст года); Людміла Казак (адвакат года).

2013 год: Андрэй Бандарэнка, «Платформа» (праваабаронца года); журналісты, якія робяць праграму «Маю права» на тэлеканале «Белсат» (журналісты года); Гары Паганяйла, Беларускі Хельсінскі камітэт (адвакат года).

2012 год: Любоў Кавалёва (праваабаронца года); Анджэй Пачобут, «Gazeta Wyborcza» (журналіст года); Аліна Шостак і Альвіна Дрыго (адвакаты года).

2011 год: Алесь Бяляцкі, «Вясна» (праваабаронца года); фотажурналісты Юлія Дарашкевіч і Уладзь Грыдзін (журналісты года); Марына Кавалеўская і Дар’я Ліпкіна (адвакаты года).

2009 год: Раман Кісляк (праваабаронца года); Алег Груздзіловіч (журналіст года); Павел Сапелка (адвакат года).

2008 год: Барыс Звоскаў, Прававая ініцыятыва (праваабаронца года); Сямён Печанко (журналіст года); Тамара Сідарэнка (адвакат года).

Каментары