191

Кубак Свабоды выйграла каманда Беларускай асацыяцыі журналістаў

19.08.2019 Крыніца: Belsat.eu

У Беларусі прайшоў 22-й футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі.

Кубак Свабоды памяці Генадзя Карпенкі зноў сабраў на футбольным полі незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў.

Турнір праводзілі яшчэ пры жыцці былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі. Былы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паспеў пагуляць з ім разам. У той камандзе быў і Віктар Ганчар.

«Яны гулялі за каманду АГП, прычым даволі паспяхова. Мы былі чэмпіёнамі. Спачатку гэта быў Кубак Свабоды, прысвечаны чарговай гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці. А пасля таго, як адбылася трагедыя з Генадзем Карпенкам, улічваючы тое, што ён быў адным з натхняльнікаў турніру, мы назвалі Кубак Свабоды імем Генадзя», — успамінае Анатоль Лябедзька.

Карпенка пайшоў з жыцця раптоўна і нечакана — у красавіку 1999-га года. Нібыта ад наступстваў інсульту, але яго ўдава, Людміла, не паверыла ў такую ​​версію. Паводле яе слоў, мужа забілі за актыўную палітычную пазіцыю.

«Чалавек, які мог трапна адной прапановай ахарактарызаваць і тое, што адбываецца ў палітыцы, і ў футбольным жыцці. Ён быў добры футбаліст і прыстойны чалавек. І вельмі перспектыўны палітык», — дадае Лябедзька.

Неўзабаве пасля смерці Карпенкі зніклі міністр унутраных спраў Юры Захаранка, ужо згаданы старшыня ЦВК Віктар Ганчар і яго сябар бізнесмен Анатоль Красоўскі, а таксама аператар Дзмітрый Завадскі. Ёсць меркаванні, што ўсе гэтыя падзеі — звёны аднаго ланцуга.

На гэты раз перамога ў турніры памяці Генадзя Карпенкі дасталася камандзе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Другое месца — у АГП. Звярнулі на сябе ўвагу і хлопцы з каманды БНФ, якія, дарэчы, гулялі ў фірменных футболках «Белсата» ў падтрымку акцыі «Беларускамоўны».

«Усе ведаюць, што ўвосень будзе перапіс насельніцтва. Там ёсць цікавае і сімвалічна важнае пытанне з нагоды роднай мовы. Пытанні сфармуляваны трохі слізка, і гэта можа выклікаць досыць неадназначныя адказы сярод насельніцтва. Адпаведна, мы вырашылі акцэнтаваць на гэтым увагу і паспрыяць таму, каб беларуская нацыя адказвала на гэтае пытанне адназначна», — кажа Юрась Адамовіч з каманды Партыі БНФ.

Склад удзельнікаў Кубка Свабоды ў асноўным нязменны, але гэта не закрытае грамадства — зрабіць заяўку сюды могуць і новыя каманды.

"Аднойчы была зборная дыпламатаў. Дыпламаты з розных пасольстваў — Польшчы, Брытаніі — сабралі каманду і выступалі", — распавядае Анатоль Лябедзька.

Цяпер у турніры памяці Генадзя Карпенкі гуляюць у тым ліку людзі, якім на момант яго смерці было два ці тры гады. Пра яго не толькі памятаюць былыя паплечнікі, пра яго ведае і новае пакаленне.