Аўтарская калонка

Крызісу няма

16.02.2016 Аўтарская калонка Андруся Горвата 2022

Калі мяне просяць расказаць, як палешукі рэагуюць на крызіс, я ўзгадваю бабу Васіліну з Каранеўкі. Гэта тыя самыя Курані, дзе жылі Мележавы людзі на балоце. Сёння, як і колісь, гэта выспа сярод хвойнікаў і балотаў, куды цывілізацыя ўпарта не ідзе. Персанажы “Палескай хронікі” зрабілі гаць, а іх нашчадкі з’ехалі па лепшую долю. А ў Каранеўцы засталіся пяць чалавек, сярод якіх амаль дзевяностагадовая баба Васіліна.

— Як вы тут жывеце? Мабыць, цяжка?

— Гэта раней было цяжка, сынок. А цяпер гаруй колькі хочаш — зямлі хапае. І пенсію даюць. Колісь жа не давалі. От як.

А вы кажаце — крызіс. Які крызіс? Дзе крызіс? Няма ніякага крызісу. Тое, што вы там у сябе называеце крызісам, у нас тут заўсёдная з’ява.

Людзі на балоце

Крызісам можна палохаць тых, хто штосьці мае. Хто нічога не мае, той і не баіцца ніякіх крызісаў.

— Хадзіла ў краму?

— А што мне там рабіць? У мяне грошай няма.

Калі цэны растуць, Мінск хвалюецца, а мы тут малінніку наламаем на гарбату і п’ем яе, як рабілі гэта ў любыя часы.

Грошы, большыя за пяць мільёнаў, — абстрактныя лічбы. Цётка Тамара расказвала, як яе мазырская пляменніца рамонт рабіла:

— Яна заплаціла дзесяць мільёнаў! Ці то мо мільярдаў тых.

Якая розніца — мільёнаў ці мільярдаў! Усё адно такіх грошай яна не патрымае ў руках.

Не ведаю, можа ў іншых кутках беларусы жывуць інакш. А мае палешукі заўсёды шмат гаравалі, каб толькі выжыць. Адвеку тут былі балоты, якія не давалі разжыцца на багацце. Зямля — пясок, на якім нічога не расло без угнаенняў. Для ўгнаенняў трэба было трымаць свойскую жывёлу. Каб трымаць свойскую жывёлу, патрабавалася шмат сена. А навокал адныя балоты — дзе таго сена ўзяць? А калі лета занадта вільготнае, дажджлівае, то ўсё, гамон. І разлічваць няможна было ні на пана, ні на калгас. Калі сам не пагаруеш з раніцы да ночы, то не выжывеш.

От такі генафонд мы тут маем. Хто ўмеў, той з’ехаў. А мы засталіся, каб захаваць нашу палескую філасофію вады. Таму што…

 

…паляшук — гэта вада

Ён так доўга жыў у вадзе, што сам вадой і стаў. А, як той кажа, вада дзірачку знойдзе. Гэтае ўменне знаходзіць выйсце з любой сітуацыі і дазваляе нам не заўважаць тое, што вы там, на вялікай зямлі, называеце крызісам.

Калі я толькі пераехаў у Прудок, суседзі прывязвалі да яблыні ў маім двары кабылу, каля яе вярцелася і жарабя. Дарма, думаў я, ніхто ж не ведае, што з’явіўся гаспадар. “Кватаранты” хоць і чынілі паскудствы, але не вельмі заміналі майму жыццю.

Аднак потым сядзеў я на ганку, піў каву, нікога не чапаў, як раптам прыехаў у двор на лісапедзе малады мужчына, мо гадоў на пяць старэйшы за мяне. Кінуў лісапед на траву, сеў побач з ім, закурыў цыгарэтку.

— Дай трыццаць тысяч.

У гэты момант мне ў спіну тыцкае лычом кабыла.

“Мо так і трэба”, — пранеслася ў галаве філасофская беларуская думка.

От тады я зразумеў, што паляшук — гэта вада. Покуль не наставіш вокал сябе сцен, ён залезе і ў хату, і ў душу. І ўсё стуль вымые.

Тады ж завялася на маім агародзе суседка-хапуга — яна крала бульбу, што мой дваюрадны брат пасадзіў. Ніхто ў хаце не жыў, то яна хадзіла без страху. А тут прыйшла неяк ды на мяне наскочыла:

— Вой! А можна я тры бульбіны дзіцёнку выкапаю ў супчык?

Дазволіў. А брат потым жаліўся, што бульбы зусім не было — усе карчы пустыя. Дрэнны год на бульбу быў. От яно як!

Паляшук — гэта вада. Ён не будзе адстойваць свае правы на плошчы — ён будзе шукаць дзірачку ў сцяне калгаснага гумна. Бо што з тымі правамі ды дэмакратыямі рабіць? А калгаснай бульбай ды збожжам свойскую худобіну накарміць можна. От дзе сапраўдныя каштоўнасці! А крызіс… І не такое перажывалі.

 

Uber-шмубер і ІП вашу маць.

Кажуць, растуць тыя долары. Ну, і што? У мяне от рассада на акне пачынае расці. Усё расце — от і долары растуць. Хто хацеў, той зрабіў сабе валютную заначку “хай будзе”. Валюта толькі на заначку і патрэбна — а што з ёй яшчэ рабіць? А калі заначка расце, тое ж, пэўна, добра?

Шматлікія навіны, якія ўтвараюць хвалі ў інтэрнэце, у Прудку проста незразумелыя. Дзед Гануша ніводнага разу не ездзіў на таксі, што яму той Uber і прэтэнзіі таксоўшчыкаў?

Пабілі журналіста? А чаго ты лезеш туды, дзе б’юць? Сядзі дома, і ніхто не паб’е.

І дай Божа ўсім сялом назбіраць дваццаць два кілаграмы замежных пасылак за цэлы год! А калі і назбіраюцца, гэта будуць мае дваццаць два кілаграмы кніг, якія я атрымоўваю ад сваіх сяброў. Бо Гомель дагэтуль ёсць ускрайнім пунктам на гэтым свеце. А замежжа — гэта адная толькі фантазія.

Учора ў Мінску ІПэшнікі нешта расхваляваліся. Чаго хвалююцца? Вам жа, ІП вашу маць, не забараняюць працаваць! Працуйце, толькі па законе!

Гэта я не свае думкі агучваю, а транслюю, што чую навокал.

Ды і не любіць true-паляшук тых ІПэшнікаў. Свой хлеб і е свой хлеб. А на “купі-прадай” добрае імя не зробіш.

Дзве каровы і свіння — ужо багаты. Машына е — вой-вой-вой! А калі з’ехаў жыць у сваю кватэру ў мястэчка — вялікім чалавекам стаў. Такога багацея прудкавец можа паважаць. Але калі той нагараваў багацце сам, а не якуюсьці папараць-кветку знайшоў ці на людзях нажыўся праз кропку з кітайскімі шмоткамі. Такая тут хвіласохвія, выбачайце.

 

Спакой vs мітусенне

Амаль год я жыву на Палессі. За гэты час і сам захварэў на палескі спакой. Гэта такі стан душы, які я называю днём сурка. Назіраю ў фэйсбучную шчыліну за сталічным мітусеннем і думаю: вось няма вам там, на вялікай зямлі, чаго рабіць. Як і мае суседзі ды сваякі, я ўжо ўпэўнены, што ўсё, што можна зрабіць для свайго дабрабыту, — гэта памаляваць плот ды паставіць хлеўчык для казы.

Маці кажа:

— Як няма дажджу, то трэба не неба клясці, а паліваць свае градкі.

І гэта ж праўда. Напэўна, нашая філасофія надзвычай “гаравальная”. Але няхай яна тут таксама прагучыць, бо ў ёй мусіць быць нешта і каштоўнае для пераймання.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!