334

«Крысиное слово» — у Рагачове невядомыя пакінулі надпісы на будынку мясцовай раёнкі

29.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На будынку рэдакцыі дзяржаўнай раённай газеты «Свабоднае слова» ў Рагачове з'явіліся надпісы «Крысиное слово» і «Режимные крысы». Пра інцыдэнт паведаміў мясцовы інфармацыйны партал «Рогачёв ОНЛАЙН», дадаўшы адпаведны фотаздымак.

Паводле інтэрнэт-выдання, адміністрацыя «Свабоднага слова» абураецца. У раёнцы адзначаюць, што іх газета як «косць у горле» ў жыхароў Рагачова, не згодных з дзеючай уладай. Рэдакцыя звярнулася ў міліцыю з патрабаваннем знайсці невядомых партызан, якія зрабілі надпісы.

«Такія подлыя выхадкі, цішком, чарговы раз даказваюць, наколькі бездапаможныя гэтыя самыя «мірныя» і «неверагодныя». Яны толькі і здольныя па начах бегаць па горадзе і рабіць гадасці. А нападкі на «Свабоднае слова» кажуць пра многае. Раённая газета для іх як костка ў горле: журналісты грамяць іх фэйкі дашчэнту і паказваюць рагачоўцам рэальную карціну таго, што адбываецца. Вось гэта гора-змагарам і не падабаецца», — піша дзяржвыданне.

Аказваецца, яшчэ 16 жніўня каля тысячы жыхароў Рагачова прыйшлі да будынка рэдакцыі «Свабоднага слова». На прыступкі яны кінулі раней надрукаваныя асобнікі газеты. Людзі скандавалі: «Пішы праўду», «Хопіць хлусіць», абураліся, што цягам многіх гадоў бюджэтнікаў ды працаўнікаў розных іншых арганізацый прымушаюць выпісваць дзяржаўныя выданні. У адказ раёнка абазвала ўдзельнікаў пратэстных акцый «наркаманамі» і «прастытуткамі».

Узначальвае «Свабоднае слова» Андрэй Шышкін, які з'яўляецца членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!