364

Крымінальныя справы заведзены на youtube-блогераў Сяргея Пятрухіна і MozgON

26.06.2020 Крыніца: spring96.org

Па інфармацыі, якую праваабаронцу "Вясны" Уладзіміру Вялічкіну паведаміў следчы, 25 чэрвеня брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска. Ён, як і Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 10 чалавек, затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ, звязанай з падзеямі ў Гродна 29 траўня.

Александр Кабанов Сергей Петрухин

 Цягам трох дзён яму можа быць прадʼяўлена абвінавачванне. Калі гэта здарыцца, то блогера перавядуць у СІЗА.

Да 26 чэрвеня не было вядома дакладнае месцазнаходжанне Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. З 17 чэрвеня ён адбываў 15-сутачны арышт па ч. 3 артыкула 23.34 КаАП (заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ў брэсцкім ізалятары часовага ўтрымання. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Драгічын, а 25 чэрвеня ў доме яго бацькоў пад Бярозай прайшоў вобшук. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі бацькам Аляксандра Кабанава, што іх сына перавозяць у Мінск. Пры гэтым супрацоўнікі ІЧУ і СІЗА-1 адмаўлялі яго прысутнасць там.

26 чэрвеня праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што блогер Аляксандр Кабанаў знаходзіцца ў мінскім ЦІП на вуліцы Акрэсціна. Брэсцкі праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін мяркуе, што ён можа быць фігурантам "справы Ціханоўскага".

Таксама праваабаронцам вядома, што крымінальная справа заведзена ў дачыненні да блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Артыкул пакуль высвятляецца. Цыгановіч пераведзены ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. 

Нагадаем, што ў межах "справы Ціханоўскага" па арт. 342 КК РБ затрымана як мінімум 11 чалавек. Напярэдадні стала вядома, што крымінальную справу па тым жа артыкуле завялі на Ігара Лосіка - адміністратара тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" і фрылансера-кансультанта "Радыё Свабода". На дадзены момант Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!