НЕ - ВАЙНЕ!
984

Крымінальную справу блогера з Бярозы Аляксандра Кабанава аднавілі

22.10.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Такое рашэнне прыняў Следчы камітэт на падставе пастановы пракуратуры Брэсцкай вобласці, — паведаміў блогер карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Справу ў дачыненні Аляксандра Кабанава распачаў сёлета ў сакавіку Бярозаўскі аддзел Следчага камітэта на падставе ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса РБ. Паводле следства, Кабанаў нібыта прысвоіў больш за 400 рублёў, атрыманых ад жыхароў дома, дзе пражываў, “на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў”.

Сам блогер тлумачыў, што грошы не прысвойваў, а ў яго існавала дамоўленасць з жыхарамі: некаторы час Аляксандр Кабанаў быў старшынём таварыства ўласнікаў і з кожнай кватэры ў месяц яму плацілі па 2 рублі заробку.

На пачатку ліпеня справа ў дачыненні Кабанава была прыпыненая за адсутнасцю складу злачынства. Чаму следчыя вырашылі аднавіць крымінальны пераслед пакуль невядома. Сам блогер лічыць такія дзеянні спробай ціску за актыўную грамадзянскую пазіцыю і не выключае, што варта чакаць новых ператрусаў.

Гэтымі днямі таксама стала вядома, што Аляксандра Кабанава не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, калі ён вылучаўся шляхам збору подпісаў у Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1. 

Блогера Аляксандра Кабанава і  яго калегу з Брэста Сяргея Пятрухіна неаднойчы прыцягвалі да адказнасці і штрафавалі за відэаролікі для YouTube-канала “Народны рэпарцёр”, дзе яны асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста і іншыя падзеі, што маюць розгалас у грамадстве.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!