218

Крычаўскія міліцыянты вярнулі камп’ютар галоўнаму рэдактару газеты “Вольны горад”

02.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Супрацоўнікі Крычаўскага РАУС 1 сакавіка вярнулі камп’ютар галоўнаму рэдактару мясцовай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргею Няроўнаму. Але напярэдадні яго выклікалі ў РАУС для правядзення апытання і ледзь не распачалі ў дачыненні да яго новую адміністрацыйную справу.

Сяргей Няроўны

Нагадаем, што вечарам 14 студзеня ў кватэру галоўнага рэдактара маланакладнай мясцовай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага прыйшлі супрацоўнікі міліцыі Эдуард Краўцоў і Сяргей Ягораў для правядзення агляду жылога памяшкання. Пастанова, якую яны паказалі, была падпісаная пракурорам Крычаўскага раёна Леанідам Палевічам.

Падставай для правядзення агляду ў кватэры журналіста стаў размешчаны ў адным з тэлеграм-каналаў фотаздымак групы жыхароў райцэнтра, якія стаяць з бел-чырвона-белым сцягам насупраць райвыканкама. Сярод удзельнікаў акцыі супрацоўнікі міліцыі нібыта ўбачылі чалавека, вельмі падобнага на Няроўнага.

Сам журналіст сцвярджаў, што ў ніякай акцыі не ўдзельнічаў, а фотаздымак, хутчэй за ўсё, зроблены ў фоташопе.

Агляд кватэры працягваўся каля дзвюх гадзін, у выніку міліцыянты забралі камп’ютар. Пры гэтым яны не пакінулі ніякага дакумента пра вынятак тэхнікі, толькі паведамілі, што забіраюць “на экспертызу”. Усе гэтыя дзеянні крычаўскія міліцыянеры ажыццяўлялі без панятых.

Сяргей Няроўны кажа, што абскардзіў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Крычаўскага раёна.

“У пракуратуры вельмі доўга думалі, а пасля даслалі адказ, што дзеянні міліцыі былі ў межах закона”, — распавёў журналіст. Прычым у сваім адказе памочнік пракурора Ягор Яромін указаў, што рашэнне канчатковае і абскаджванню не падлягае.

4 лютага Няроўнага выклікалі ў Крычаўскі РАУС для правядзення прафілактычнай гутаркі. На працягу паўтары гадзіны яму задавалі самыя разнастайныя пытанні, спрабавалі ўзяць нейкія пісьмовыя тлумачэнні, але журналіст іх даваць адмовіўся, бо супрацоўнікі міліцыі не змаглі патлумачыць, у якім статусе ён знаходзіўся. На той час камп’ютар Няроўнага яшчэ знаходзіўся на экспертызе ў Магілёве.

У мінулую пятніцу, 26 лютага, Няроўнаму патэлефанаваў маёр Эдуард Краўцоў і запрасіў у РАУС на чарговую гутарку. Журналісту паведамілі: экспертыза паказала, што здымак групы жыхароў Крычава, якія стаяць з бел-чырвона-белым сцягам насупраць райвыканкама, — фотамантаж, зроблены не на камп’ютары Няроўнага.

Аднак на гэтым “прыгоды” Сяргея Няроўнага не скончыліся. Маёр Краўцоў паведаміў, што ў камп’ютары эксперты знайшлі тры фотаздымкі з лагатыпам забароненага тэлеграм-канала. Журналіст патлумачыў, што гэтыя фотаздымкі былі знятыя задоўга да забароны гэтага тэлеграм-канала і выпадкова засталіся ў архіве. Нягледзячы на гэта, міліцыянт усё роўна склаў пратакол апытання. Ён угледзеў у старых здымках магчымы “склад  правапарушэння”, бо захоўваць “экстрэмісцкія матэрыялы нельга”.

Маёр Краўцоў паведаміў, што на нарадзе кіраўніцтва РАУС будзе вырашына, ці ўзбуджаць у дачыненні Няроўнага адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Справу ўсё ж вырашылі не распачынаць. Эдуард Краўцоў 1 сакавіка сам прывёз камп’ютар Няроўнаму дадому. З журналіста ўзялі распіску, што ён яго атрымаў без пашкоджанняў.

“Безумоўна, у супрацоўнікаў міліцыі засталася база маіх файлаў. Магчыма, яны будуць іх выкарыстоўваць у нейкай сваёй “аператыўна-пошукавай дзейнасці”. Мне хаваць няма чаго, усе думкі я выкладаю адкрыта ў сваіх артыкулах. Разам з тым, добра, што камп’ютар вярнулі, бо ў мяне там вялікі асабісты архіў, шмат асабістых фота”, — зазначыў Сяргей Няроўны.

Паводле яго слоў, у межах расследавання справы аб “фотаздымку з бел-чырвона-белым сцягам” праваахоўнікі таксама забіралі фотаапарат у сябра ГА “БАЖ” з Крычава Мікалая Федарэнкі. Зараз яго ўжо таксама вярнулі. Згодна інфармацыі Няроўнага, па “справе аб фотаздымку” на экспертызу забіралі камп’ютары яшчэ ў некалькіх жыхароў Крычава.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!