347

Крычаўскія бажаўцы сустрэліся з праваабаронцам Леанідам Судаленка

28.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Крычаве ў межах “Юрыдычнай гасцёўні” газеты “Вольны горад” прайшла сустрэча з гомельскім праваабаронцам, прававым інспектарам прафсаюза РЭП Леанідам Судаленка.

У сустрэчы прынялі ўдзел актывісты з Крычава, Чэрыкава і Клімавічаў: сябры ГА “БАЖ”, БХК, БНФ, АГП, журналісты газеты "Вольны горад".

Леанід Судаленка распавёў пра тое, як ён упершыню асэнсаваў, што ёсць правы чалавека і што іх трэба абараняць, расказаў пра прафсаюз РЭП, які абараняе правы працоўных.

Праваабаронца падрабязна спыніўся на гучных працэсах, у якіх ён прымаў актыўны ўдзел — пра справу 13-гадовай школьніцы, якая загінула пад коламі аўтамабіля пры зборы бульбы, а таксама пра справу загінулага ў арміі радавога Аляксандра Коржыча.

Падчас свайго выступу Судаленка зрабіў выснову, што калі парушэнне правоў чалавека не кранае палітыку, то цалкам магчыма выйграць справу ў судзе.

У другой частцы сустрэчы Леанід Судаленка распавёў пра дзейнасць гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы, які ён узначальвае, і пра свой вопыт зваротаў ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе ўжо разгледзелі 11 ягоных скаргаў. 

Праваабаронца пастаянна аказвае прававую дапамогу журналістам.

Напрыканцы сустрэчы Леанід Судаленка адказаў на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства. Ён падкрэсліў, што яму, бацьку чатырых сыноў, далёка не ўсё падабаецца ў Беларусі ў палітычным плане, але гэта яго краіна, ён хоча тут жыць і працаваць, і хоча, каб тут жылі ягоныя дзеці.

"Сустрэча з Леанідам спадабалася людзям, бо адбыўся адкрыты дыялог, кожны мог выказвацца, спрачацца, а аргументы Судаленкі былі пераканаўчыя. Тым больш, што ў яго ёсць вялізны аўтарытэт сярод праваабаронцаў, ёсць гісторыя поспеху", — падвёў вынікі сустрэчы з Ленідам Судаленкам рэдактар газеты  "Вольны горад" Сяргей Няроўны.