803

Крычаўскія БАЖаўцы сустрэліся з Алесем Бяляцкім

20.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У “Юрыдычную гасцёўню” ў Крычаў да журналістаў газеты “Вольны горад” і грамадскіх актывістаў рэгіёна 18 лістапада завітаў беларускі праваабаронца, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/belyackiy_3.jpg

На сустрэчу з вядомым праваабаронцам прыйшлі 20 актывістаў БАЖу, БХК, РЭП, БНФ, АГП з Крычава, Крычаўскага раёна, Чэрыкава і Клімавічаў. Алесь Бяляцкі выступіў з лекцыяй "Гісторыя грамадзянскага супраціву ў Беларусі ў 1990-2013 гг. і выклікі для праабарончага руху Беларусі падчас геапалітычных зрухаў апошніх трох гадоў".

“Алесь распавёў нам пра "Вясну": гісторыю яе стварэння, пазбаўленне рэгістрацыі, абскарджванне, - распавядае рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны. - Потым ён распавёў пра сабе, як стаў прыхільнікам дэмакратычнага руху, пра перашкоды з боку ўлады, пра зняволенне ў калоніі цягам трох гадоў, падтрымку з усяго свету, сваё вызваленне. Расказаў пра Форум праваабаронцаў, які  адбыўся ў Вільні. І шмат - пра сучасныя выклікі для праваабаронцаў, ціск, разгоны ўвесну, справы РЭП і "патрыётаў", пра ціск на журналістаў, што працуюць на “Белсат”. Алесь Бяляцкі адказаў на нашыя пытанні, падпісаў свае кнігі”.

Пасля лекцыі крычаўскія журналісты зладзілі для Алеся Бяляцкага невялікую экскурсію па горадзе.

“Падчас экскурсіі нечакана на беразе возера Чорнае сустрэлі кампанію людзей, якая смажыла шашлыкі. Пазнаўшы мяне і Алеся Бяляцкага, яны крыкнулі: "Жыве Беларусь!", чым вельмі ўразілі Алеся, - кажа Сяргей Няроўны. – Наогул, сустрэча прайшла ў цёплай і давяральнай атмасферы, Алесь шмат сказаў пра важнасць захавання незалежнасці, беларускай мовы, вяртання на шлях дэмакратыі, пагаварылі мы і пра "выбары" ў мясцовыя Саветы”.

“Юрыдычная гасцёўня” “Вольнага горада” ў Крычаве плануе працягваць сваю працу.