1272

Крычаўская міліцыя пачала разглядаць заяву журналіста толькі пасля яго зварота ў пракуратуру

16.06.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Эканамічныя ўмовы

Супрацоўнікі Крычаўскага РАУС пачалі разглядаць заяву журналіста Мікалая Гердзія толькі пасля яго зварота да пракурора Крычаўскага раёна.

Нагадаем, што 3 чэрвеня Мікалай Гердзій накіраваў заяву на імя начальніка Крычаўскага РАУС з просьбай правесці праверку па факту парушэння правоў больш чым шасці з паловай тысяч спажыўцоў (падпісчыкаў газеты) з боку рэдакцыі газеты “Крычаўскае жыццё” у адпаведнасці з артыкулам 168 КПК Рэспублікі Беларусь.

У выпадку ўстанаўлення факту перавышэння службовых паўнамоцтваў службовымі асобамі “Крычаўскага жыцця”, якія выявіліся ў прысваенні (крадзяжы) грашовых сродкаў падпісчыкаў, журналіст прасіў прыцягнуць вінаватых да адказнасці згодна закону.

Падставай для заявы ў Крычаўскі РАУС стала тое, што рэдакцыя “Крычаўскага жыцця” да гэтага часу так і не надрукавала на сваіх старонках выбачэнняў перад падпісчыкамі за невыкананне сваіх абавязкаў перад імі ў 2015 годзе, і не паведаміла аб магчымасці атрымаць грошы за недаатрыманыя ў 2015 годзе нумары газеты. Журналіст лічыць такія паводзіны з боку рэдакцыі газеты недапушчальнымі. На думку Гердзія, факт укрыцця гэтай інфармацыі ад падпісчыкаў газеты з’яўляецца намерам на здзяйсненне злачынства, спробай прысвоіць грошы падпісчыкаў у памеры больш за 63 мільёны рублёў.

Крычаўскія міліцыянеры ніяк не адрэагавалі на зварот спадара Гердзія, груба парушыўшы пры гэтым зацверджаную Пастановай МУС № 55 ад 10.03.2010 года “Інструкцыю аб парадку прыёма, рэгістрацыі, разгляду і ўліку органамі ўнутраных спраў заяў і паведамленняў аб злачынствах, адміністрацыйных правапарушэннях і інфармацыі аб здарэннях” і артыкул 173 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Згодна з гэтымі заканадаўчымі актамі, на працягу дзесяці сутак пасля накіравання заявы супрацоўнікі міліцыі павінны былі правесці праверку, апытаць  Гердзія, а таксама паведаміць яму аб прынятым рашэнні.

Не дачакаўшыся якой-небудзь рэакцыі на сваю заяву ад супрацоўнікаў Крычаўскага РАУС, 14 чэрвеня Мікалай Гердзій звярнуўся з заявай аб парушэннях заканадаўства з іх боку да пракурора Крычаўскага раёна Уладзіміра Трывайлы.

І толькі пасля ўмяшальніцтва пракурора 15 чэрвеня Гердзія нарэшце выклікалі ў Крычаўскі РАУС і лейтэнант Кацярына Бабаева правяла апытанне журналіста па выкладзеных у яго заяве фактах.

Па словах Мікалая Гердзія, падчас апытання ён звярнуў увагу спадарыні Бабаевай на тое, што рэдакцыя газеты “Крычаўскае жыццё” не толькі не вяртае незаконна атрыманыя грошы сваім падпісчыкам, але таксама цалкам ігнаруе Указ №78 кіраўніка краіны ад 23 лютага 2016 г. “Аб мерах па падвышэнню эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплекса Рэспублікі Беларусь” І ўказанне Аляксандра Лукашэнкі ад 6 красавіка 2016 г. аб забароне чыноўнікам набываць імпартныя аўтамабілі. Спадар Гердзій лічыць, што рэдактар “Крычаўскага жыцця” Таццяна Іўкіна, набыўшы для газеты ўжо пасля ўказу Аляксандра Лукашэнкі новы імпартны аўтамабіль “УАЗ-Патрыёт” замест амаль у два разы таннешага беларуска-кітайскага “Джылі”, дэманструе сваю непавагу нават да кіраўніка краіны.

Гердзій мяркуе, што супрацоўнікі міліцыі адмыслова зацягваюць правядзенне праверкі па яго заяве і “прыкрываюць” Таццяну Іўкіну, каб выйграць час, бо менавіта цяпер праходзіць падпісная кампанія на 2-е паўгоддзе 2016 года. Многія людзі абураныя, што рэдакцыя “Крычаўскае жыццё” знаходзіць сродкі на набыццё шыкоўных машын, а ўлады прымушаюць іх падпісвацца на раёнку ў гэты складаны час, калі грошай не заўсёды хапае нават на ежу.

Нагадаем, што згодна з падпісным каталогам, у 2015 годзе павінна было быць надрукавана і дастаўлена падпісчыкам 104 нумары раённай газеты “Крычаўскае жыццё”, - 51 нумар у першым паўгоддзі і 53 у другім. За усе гэтыя нумары падпісчыкі заплацілі грошы з уласнай кішэні, аднак у 2015 годзе фактычна выйшла ўсяго толькі 100 нумароў “Крычаўскага жыцця” – 48 нумароў у першым паўгоддзі і 52 у другім.

Мікалай Гердзій, які з’яўляецца сталым падпісчыкам “Крычаўскага жыцця”, звярнуў увагу на гэтае парушэнне заяўленых абавязкаў з боку рэдакцыі газеты і накіраваў адпаведныя звароты ў розныя інстанцыі. Пасля гэтага грошы за недаатрыманыя нумары газеты Гердзію адразу ж вярнулі, і рэдактар “Крычаўскага жыцця” Таццяна Іўкіна даслала яму ліст з афіцыйнымі выбачэннямі.

Іншыя ж падпісчыкі газеты так і не ўбачылі на яе старонках выбачэнняў за невыкананне абавязкаў з боку рэдакцыі, як і інфармацыі аб тым, што кожны падпісчык газеты можа атрымаць грошы за нявыдадзеныя 4 нумары пасля падачы адпаведнай заявы.

У “Крычаўскага жыцця” няма праблем з фінансамі. Восенню 2015 года раёнка накіравала з уласнага бюджэту больш за 350 мільёнаў рублёў на дапамогу сельгаспрадпрыемствам Крычаўскага раёна і мясцовай школе, а ўжо ў гэтым годзе рэдакцыя газеты набыла новы аўтамабіль “УАЗ-Патрыёт”.