237

«Краіна як абложаная крэпасьць». Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» пра блякаваньне беларускай вэрсіі сайту газэты

29.09.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Паводле кіраўніка расейскай газэты «Комсомольская правда» Ўладзіміра Сунгоркіна, беларуская рэдакцыя «цалкам добрасумленна» асьвятляе сытуацыю ў краіне, а замест гэтага ўлады ўжо больш за год забараняюць распаўсюджваць і друкаваць выданьне.

Уладзімір Сунгоркін у эфіры праграмы «Утренний Мардан» на «Радио Комсомольская правда» расказаў слухачам, што ад 29 верасьня доступ да сайту беларускага выпуску выданьня заблякаваны на рашэньне Міністэрства інфармацыі Беларусі.

«Год таму спынілі друкаваць у Беларусі нашу газэту, забаранілі вядучым сеткам распаўсюджваць наклад. Краіна становіцца ўсё больш абложанай крэпасьцю паводле палітычнай стылістыкі. Там усё больш жорстка, жорстка і жорстка», — заявіў галоўны рэдактар «Комсомольской правды».

«Я думаю, што гэта здарылася з-за нататкі, якую мы апублікавалі ў 22 гадзіны. Матэрыял пра айцішнікаг, які застрэліў з паляўнічай стрэльбы супрацоўніка КДБ пры штурме кватэры. У гэтай нататцы ёсьць камэнтар аднакласьніцы аб загіблым супрацоўніку IT-кампаніі. Па словах дзяўчыны, загінулы хлопец стараўся быць незалежным, заўсёды выбіраў праўду і справядлівасьць. Усяго два абзацы з добрай характарыстыкай хлопца вырашылі лёс выданьня. У прынцыпе, у Беларусі ўжо гэтага дастаткова для таго, каб закрыць найбуйнейшы інфармацыйны рэсурс, – выказаўся Сунгоркін у размове з Telegram-каналам «Радыёкропка НСН».

Галоўны рэдактар «КП в Беларуси» Сяргей Трафілаў ад камэнтароў з нагоды блакаваньну сайта пакуль устрымліваецца.

«Разьбіраемся ў сытуацыі», – сказаў ён БелаПАН.

Таксама кіраўнік расейскай рэдакцыі выданьня Уладзімір Сунгоркін адзначыў, што беларускі сайт стараўся быць «гранічна карэктным».

«Я вам выдам таямніцу: нататка ў тым выглядзе была на сайце роўна 3 хвіліны — ад 22:04 да 22:07. За гэты час рэдактар убачыў, што яна не зусім адпавядае поўнаму ўяўленьню пра гэтую гісторыю, таму перарабіў, замяніў загаловак. Але паколькі ў рэспубліцы вельмі жорстка кантралююць мэдыя, хапіла і тых хвілін. За гэты час публікацыя трапіла да ўсіх, каму трэба, і пайшла хваля, што мы нібыта абяляем злачынцу, бандыта, ліхадзея», — расказаў Уладзімір Сунгоркін.

На ягонае перакананьне, у Беларусі рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка дзеля ўсталяваньня поўнага кантролю за ўсімі СМІ. У рамках гэтага нэўтралізацыя незалежнага ад улады мэдыяканалу выглядае цалкам лягічна, падсумаваў ён.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!